У Беларусі за мінулы год стала на 95 турыстычных фірмаў менш. Цяпер іх агульная колькасць складае 1 108, і гэта ў паўтара разу менш, чым было да пандэміі. Пра гэта піша Office Life са спасылкай на звесткі Белстата. Пры гэтым колькасць занятых у сферы турызму ў сярэднім за пяць гадоў скарацілася: было амаль 256 тысяч чалавек, засталося – 188 тысяч.
Дакавідныя аб´ёмы турпатокаў усё яшчэ не аднавіліся, хоць ёсць пазітыўныя зрухі. Так, колькасць уязных турыстычных паездак іншаземцаў у Беларусь вырасла сёлета на 15 працэнтаў да мінулага года, і склала 5,68 млн, але гэта і так удвая менш, чым было ў 2019. Адзначаецца рост долі турыстаў з краін СНД, якія складаюць амаль 89 працэнтаў.
І яшчэ адна лічба. Беларускія грамадзяне сталі часцей выязджаць за мяжу – рост на 9 працэнтаў год да года, што складае 4 мільёны 200 паездак. Але гэта і так ў 2,2 разу менш, чым у 2019 годзе.
Другі блок Беларускай АЭС спыняць на рамонт
Другі энергаблок Беларускай АЭС 26 ліпеня спыняць на першы планава-папераджальны рамонт, паведамляе прэс-служба электрастанцыі. На АЭС заяўляюць, што гэта міжнародная практыка: штогод на кожным блоку АЭС праходзяць планавыя рамонтныя работы. Падчас іх правяраюць надзейнасць абсталявання і тэхналагічных сістэм. Спецыялісты, як паведамляецца, правядуць іх дэталёвую дыягностыку, у якую ўваходзіць пашыраны кантроль металу і зварных злучэнняў абсталявання рэактарнага і турбіннага аддзяленняў.
Таксама ў блоку заменяць адпрацаванае ядзернае паліва на свежае: у актыўную зону рэактара перазагрузяць каля 25% цеплавыдзяляльных зборак з ядзерным палівам. Займацца планавым рамонтам будуць беларускія і расейскія арганізацыі. Другі энергаблок БелАЭС быў уведзены ў прамысловую эксплуатацыю 1 лістапада 2023 года.
Беларускія чыноўнікі зноў б’юцца за ўраджай і прамысловасць
Не ўборачная кампанія, а бітва. Паводле Дзяржаўнай пракуратуры, якой даручылі назіраць за хадою ўборачнай, прадпрыемствам сельскай гаспадаркі не стае амаль чатырохсот спецыялістаў. Дапамагаць скіравалі вайскоўцаў – 60 чалавек і 35 адзінак аўтамабільнай тэхнікі.
– Вядома, гэта паўплывае на якасць, таму што чалавек, які не працаваў, – яго ж не пасадзіш на камбайн. Тым больш камбайны зараз не такія, як былі ў 80-х ці пачатку 90-х. Там шмат электронікі, гэта даволі складаная машына, – кажа былы аграном Зміцер Лупач у інтэрв´ю «Белсату».
Працы не вытрымлівае, здаецца, і тэхніка. Днямі ў полі паблізу паселішча Далёкія Браслаўскага раёна загарэўся чарговы камбайн. Пажарнікі баявой адзінкі не ўратавалі: машына, вырабленая на «Гомсельмашы», выгарала цалкам. З пачатку года гэта ўжо 10-ты камбайн айчыннай вытворчасці, які выходзіць з ладу праз самаўзгаранне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц