Больш за 210 тысяч вакансій адкрыта на рынку працы Беларусі на 8 чэрвеня, вынікае са звестак на сайце Дзяржаўнай службы занятасці.

Больш за ўсё вакансій зарэгістравана ў Менску – звыш 58 тысяч. Амаль 26,2 тыс. на Берасцейшчыне і больш за 22,5 тысячы ў Гарадзенскай вобласці.
Раней 4 траўня міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка заявіла ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”, што на беларускім рынку працы больш за 200 тыс. вакансій, адбываецца іх планамерны рост.
Па словах міністра, гэты працэс перш за ўсё “абумоўлены і змяненнем заканадаўства”: закон аб занятасці прадугледжвае абавязковае размяшчэнне кожнай вакансіі на сайце Агульнарэспубліканскага банка вакансій. Гэта дазваляе “ацаніць рынак працы”, – сказала Паўлючэнка.
Больш за 50% запатрабаваных спецыяльнасцяў — прафесіі з сярэднеспецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, адзначыла яна. Больш за ўсё ў наймальнікаў запатрабаваныя работнікі ў сферах будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і аховы здароўя.