Прыкладна 14 тысяч беларусаў, якія жывуць за мяжой, атрымліваюць пенсіі. Таксама ў краіне жывуць каля 35 тысяч замежнікаў, якія атрымліваюць пенсіі ў Беларусі.

Паміж Беларуссю і шэрагам іншых краін заключаны пагадненні аб пенсійным забеспячэнні. Гэтыя пагадненні даюць магчымасць улічваць працоўны стаж, атрыманы ў іншых краінах, пры назначэнні пенсій. Таксама па такіх дамоўленасцях прадугледжаны “экспарт” пенсіі ў адну з краін. У лік краін, з якімі заключаны такія пагадненні, уваходзяць Расея, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Азербайджан, Малдова, Літва, Латвія, Польшча, Чэхія і Эстонія.
Дэфіцыт бюджэту – 4,35 млрд рублёў
Так званы «парламент» Беларусі прыняў праект рэспубліканскага бюджэту на 2026 год. Даходы плануюцца памерам 54 млрд 384,3 млн рублёў, выдаткі — 58 млрд 733,2 млн (+10,4%). Такім чынам, меркаваны дэфіцыт складае 4 млрд 348,9 млн рублёў.
Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў бюджэту з’яўляюцца падатак на дададзеную вартасць, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Значную частку расходаў у бюджэце складуць расходы на аплату працы, пенсіі, стыпендыі, дапамогі, іншыя выплаты, сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.
На «Гродна Азоце» запускаюць пасля рамонту цэх «Аміяк-4»
На прадпрыемстве «Гродна Азот» пачалі аднаўляць працу цэха «Аміяк-4». Гэты цэх з 2020 года часта спыняўся праз аварыі, і ў жніўні сёлета яго закрылі на рамонт і мадэрнізацыю. Па інфармацыі дзяржаўнага выдання «Гродзенская праўда», на поўны запуск можа спатрэбіцца каля дзесяці дзён.
Раней паведамлялася, што завод «Гродна Азот», які знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, плануе да 2026 года рэалізаваць маштабную мадэрнізацыю коштам 800 мільёнаў даляраў, прычым амаль усё абсталяванне — каля 95% — плануюць купіць у Расеі, піша “Наша Ніва”.
У Польшчы даражэюць базавыя прадукты харчавання
Паводле новага агляду Business Insider і прыкладання PanParagon, сярэдні кошт стандартнага кошыка з пакупкамі зноў перавысіў псіхалагічную мяжу ў 100 злотых. Сёння за 14 асноўных прадуктаў трэба заплаціць у сярэднім 101 злоты і 8 грошаў.
Гэта азначае, што толькі за адзін тыдзень кошык падаражэў на 1,6%. Эксперты звяртаюць увагу, што найбольшы ўплыў на рост цэн мелі два прадукты: памідоры, якія падаражэлі больш чым на 5%, і чырвоны перац (рост на 8%). Даражэюць таксама масла, брокалі, бананы, цукар і морква. Але ёсць і пазітыўныя звесткі: пяць тавараў патаннелі — найбольш бульба, амаль на 3,5%. (Беларуская служба Польскага радыё).
Беларускае Радыё Рацыя





