З канца 2020 года БелАЭС выпрацавала каля 40 млрд кВт·г электраэнергіі, вынікае з інфармацыі на сайце Міністэрства энергетыкі.

“Гэта дазволіла замясціць больш за 10 млрд куб. м прыроднага газу, значна знізіць валютную нагрузку на эканоміку, а таксама скараціць выкіды парніковых газаў у атмасферу больш як на 16 млн тон. Станцыя забяспечвае каля 40% патрэб краіны ў электраэнергіі і робіць значны ўнёсак у забеспячэнне энергетычнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў тэлеграм-канале Мінэнерга.
Варта адзначыць, што блокі станцыі не працуюць бесперапынна. Перыядычна на абодвух блоках праводзяцца планавыя рамонты, а таксама ажыццяўляюцца няштатныя адключэнні.
Жыллё ў крэдыт падаражэла
У Беларусі выраслі працэнтныя стаўкі па крэдытах на жыллё — Беларусбанк павялічыў іх адразу на два пункты. Цяпер пры куплі кватэры на “другасным рынку” ў фізасобы стаўка дасягне 17,5%, а ў юрыдычнай асобы — 17%. Раней было 17% для ўсіх. Тэрмін крэдыту застаўся нязменным — 20 гадоў.
Напрыклад, аднапакаёвую кватэру на другасным рынку па вуліцы Перадавой у Мінску прадаюць за 158 192 рублі. З улікам крэдыту ў 17,5% чалавеку давядзецца заплаціць 186 712 рублёў, падлічыла «Еўрарадыё».
Што тычыцца чаргавікоў, то пры куплі кватэры ў фізасобы стаўка складзе 15%, у юрыдычнай асобы (гаворка пра гатовыя новабудоўлі) — 14,5%. Да гэтага яна была адзінай для ўсіх — 12,5%.
Падлеткам у Беларусі афіцыйна дазволяць працаваць кухарамі
У беларускіх падлеткаў з’явіцца значна больш магчымасцяў паспрабаваць свае сілы ва ўпадабанай працы. Мінпрацы падрыхтавала новую рэдакцыю Пераліку работ, на якіх забароненая праца непаўналетніх. Новы дакумент адкрывае для падлеткаў, якім яшчэ не споўнілася 18 гадоў, доступ да больш як 160 рабочых прафесій.
У прыватнасці, падлеткі змогуць паспрабаваць свае сілы ў вытворчасці прадуктаў харчавання (кулінар, кандытар, кухар), паліграфічнай вытворчасці (карэктар, аператар электроннага набору і вёрсткі, аператар электроннага колерадзялення, друкар), вытворчасці шкла і шкловырабаў (камплектоўшчык шкла і шкловырабаў, разметчык, размалёўвальнік па шкле, фотадрукар на ім), цэлюлозна-папяровай вытворчасці ды іншых.
За тры гады вайны беларускі рубель абясцэніўся
За тры гады поўнамаштабнай расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны і саўдзелу ў гэтым Беларусі афіцыйны курс даляра да беларускага рубля вырас на 22% (з 2,6419 да 3,2239), да расейскага — на 9,6% (з 80,4194 да 88,1676), сведчыць праведзены “Позіркам“ параўнальны аналіз каціровак.
Такім чынам, беларускі рубель абясцэніўся да даляра ў 2,3 разу больш за расейскі.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: «Белсат».






