BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Колькі калійных угнаенняў летась вырабіла і экспартавала Беларусь

Вытворчасць калійных угнаенняў у Беларусі за 2023 год скарацілася да 3,8 млн тон супраць 4 млн тон у 2022-м. Такія даныя змяшчае агляд мінеральных сыравінных тавараў, падрыхтаваны Нацыянальным інфармацыйным цэнтрам карысных выкапняў ЗША. На справаздачу звярнуў увагу Office Life. Пры гэтым Беларусь перайшла на экспарт калію па чыгунцы ў Кітай і з партоў Расеі. Агулам жа пастаўкі на знешнія рынкі заставаліся значна ніжэйшыя за ўзровень пазамінулага года, калі краіна была адным з вядучых экспарцёраў.

Канкурэнты “Беларуськалія” — канадская Nutrien і амерыканская Mosaic Company — лічаць, што пастаўкі беларускага калію на сусветны рынак у мінулым годзе маглі скласці 5-6 млн тон. Паводле прагнозу ўрада, да 2025 года Беларусь павінна вырабляць 16-17 млн тон калійных угнаенняў у год.

Беларускі экспарт летась устанавіў рэкорд за апошнія 12 гадоў

У Міністэрстве эканомікі расказалі, што па выніках мінулага года адбылося істотнае павелічэнне знешнегандлёвага абароту Беларусі, а таксама рэкордны рост аб’ёмаў экспарту айчыннай прадукцыі. Тавараабарот краіны ў мінулым годзе павялічыўся на 8,6% і склаў 83,4 мільярды даляраў.  У ведамстве зазначаюць, што беларускі экспарт дасягнуў максімальных значэнняў з 2012 года, што сведчыць пра паспяховае перанакіраванне таварных патокаў на рынкі так званых дружалюбных краін, піша myfin.by.

У Мінэканомікі заявілі, што агулам беларуская прадукцыя накіроўваецца ў больш як 150 краін свету. Пры гэтым Міністэрства звязвае павелічэнне імпарту, якое адбылося ў мінулым годзе, з вытворчай ды інвестыцыйнай праграмамі. Напрыклад, рост паставак сыравіны і матэрыялаў даў магчымасць павялічыць аб’ёмы прамысловай вытворчасці на 7,7 працэнта.

Нават у Малдове зарабляюць больш, чым у Беларусі

Беларуская эканамічная мадэль не дазваляе заробкам адарвацца ад зачараванай лініі 500 даляраў. З года ў год лічбы топчуцца прыблізна на адным і тым жа ўзроўні, у той час як іншыя еўрапейскія краіны за апошнія гады зрабілі скачок, піша “Наша Ніва”. Дзесяць гадоў таму Беларусь па сярэднім заробку была на трэцім месцы з канца сярод постсавецкіх краін, абганяючы толькі Украіну і Малдову. Прычым наша краіна апярэджвала Малдову на 60%. Што змянілася за гэты час?

Сітуацыя ва Украіне па-ранейшаму складаная, было б дзіўна, каб заробкі падскочылі на фоне вайны. А вось у Малдове заробкі ўжо вышэйшыя, чым у Беларусі.  У трэцім квартале сярэдні заробак у Малдове складаў 552 даляры ў эквіваленце “бруднымі”, а ў Беларусі 532 даляры.

Эканамічны скачок у Малдове адбыўся пад кіраўніцтвам прэзідэнта Маі Санду. Яна абрала курс на шчыльную інтэграцыю з Еўразвязам.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: bkt.lt.