BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Колькі кампаній сталі ў 2023 годзе рэзідэнтамі СЭЗ?

За мінулы год 30 новых кампаній атрымалі статус рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон. Такую лічбу агучылі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.

Фота: свабодная эканамічная зона “Магілёў”

Агульная колькасць рэзідэнтаў дасягнула ў выніку 425 прадпрыемстваў. Інвестары плануюць працу над праектамі ў лагістыцы, харчовай прамысловасці, вытворчасці мэблі ды электраабсталявання, металаапрацоўцы.

Летась, паводле ведамства, аб’ёмы выплачаных рэзідэнтамі свабодных эканамічных зон падаткаў і плацяжоў выраслі на 44 працэнты, прамысловая вытворчасць дадала 10 працэнтаў, інвестыцыі ў асноўны капітал – больш за чатыры працэнты, піша Office Life.

Урад Беларусі вырашыў не ўступаць у Сусветную гандлёвую арганізацыю

Урад выкрэсліў з планаў уступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ў найбліжэйшыя гады. Гаворка ідзе аб праграме дзейнасці ўрада Беларусі на перыяд да 2025 года. Гэта вынікае з пастановы, якая апублікаваная на Нацыянальным прававым партале.

Заяўку на далучэнне да Сусветнай гандлёвай арганізацыі Беларусь падала яшчэ 30 гадоў таму. Працэдура, якая звычайна доўжыцца каля 5-7 гадоў, доўга не рушыла з месца, але ў 2010-х праца па ўступленні ў арганізацыю актывізавалася. Агучваліся прагнозы, што ўступленне адбудзецца да канца 2020 года, але з прычыны палітычнай сітуацыі ў Беларусі гэтага не адбылося. У сакавіку 2022 года прадстаўнікі СГА заявілі, што не будуць разглядаць заяўку Беларусі на ўступленне.

Названая доля беларускіх тавараў у крамах

У крамах Беларусі каля 60% тавараў — айчынныя. Сярод іх харчовых — 77,5%. Паказчык па прадуктах з 2022 года вырас на 0,6%, паведамляе БелТА са спасылкай на міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава. Асабліва павялічылася доля беларускіх агуркоў. Імі краіна ў гэтым міжсезонні забяспечана цалкам. Калі беларускіх харчовых тавараў у крамах стала больш, то, па словах кіраўніка ведамства, “па нехарчовых крыху не дацягнулі”.

Беларускім таварам раней планавалі вылучыць больш месца ў прыкасавай зоне. Цяпер іх там да 18%. Таксама МАРГ у мінулым годзе даручыла дыскаўнтарам павялічыць на паліцах колькасць айчыннай прадукцыі, піша НН.

У Польшчы працягваюцца пратэсты фермераў

Мэта фермераў – выказаць незадаволенасць сельскагаспадарчай палітыкай Еўразвязу, “Зялёным курсам” і бяспошлінным увозам харчовых тавараў з Украіны. На думку пратэстоўцаў, трэба закрыць межы ад паступлення харчовай прадукцыі з Украіны, бо гэта тавары, якія не адпавядаюць стандартам Еўразвязу. Да таго ж, польскія фермеры павінны выконваць еўрапейскія рэкамендацыі па сельскагаспадарчых культурах, а ўкраінскія – не павінны. Украінскія тавары трапляюць на еўрапейскі рынак і да іх ставяцца так жа, як і да польскіх.

Таксама фермеры не хочуць прытрымлівацца “Еўрапейскага зялёнага курсу”, які ўводзіць жорсткія экалагічныя патрабаванні да прадуктаў. Гэта ў сваю чаргу прымушае да мадэрнізацыі вытворчасці, каб займацца экспартам.

Беларускае Радыё Рацыя.