Яшчэ ў 2016 годзе па замове Беларусі ў Кітаі стварылі і запусцілі спадарожнік «Белінтэрсат-1». Праект абышоўся амаль у 259 мільёнаў даляраў. Дзеля яго рэалізацыі ў 2012 годзе паміж беларускім урадам і Экспартна-імпартным банкам Кітая была падпісана крэдытная дамова на 15 гадоў. Аднак праект не акупіўся, а Беларусь засталася вінаватая Кітаю 255 мільёнаў даляраў. Ініцыятыва BELPOL высветліла, што выплаты па гэтым крэдыце ажыццяўляюць прадпрыемствы беларускага ваенна-прамысловага комплексу, якія атрымалі ад дзяржавы падатковыя льготы. Як вынік – доўг лёг на дзяржаўны бюджэт.

Вясной 2024 года Беларусь адправіла на МКС Марыну Васілеўскую. Паводле BELPOL Беларусь заплаціла за гэта не менш за 10 мільёнаў даляраў, хоць Васілеўская на арбіце нічым карысным для навукі не займалася, таму атрымала не афіцыйна характарыстыку «касмічная турыстка». У той самы час Лукашэнка цяпер збіраецца будаваць касмічнае агенцтва, піша DW.
Колькі грузаў перавязе Беларусь праз порт у Бронцы
У гэтым годзе Беларусь плануе перавезці праз порт Бронка ў Ленінградскай вобласці каля 7 млн тон розных грузаў, у тым ліку сыпкіх грузаў і нафтапрадуктаў. Лічбу агучыў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым.
Пасля ўвядзення санкцый Беларусь пераарыентавала экспартныя патокі з партоў Балтыі і Украіны на Расею. У суседняй краіне наладжаны сувязі з 19 партамі. Таксама Беларусь будуе ўласны порт у Бронцы. Бягучы стан спраў на будоўлі праекта Аляксандр Лукашэнка апісаў як “шмат ужо там зроблена”. Раней паведамлялася, што праз порт у Бронцы Беларусь разлічвае перавозіць да 20 млн тон грузаў. Таксама Беларусь разлічвае да 2028 года пабудаваць тэрмінал у Мурманскай вобласці. Праз яго плануюць перавозіць 25-30 млн тон грузаў у год.
Самы дарагі з пачатку года дом прадалі ў Менску
У чэрвені ў Менску купілі дом больш чым за 3 мільёны даляраў. Ён аказаўся самым дарагім, прададзеным у краіне ў 2025 годзе, піша Realt. Рэкордны па кошце дом знаходзіцца ў сталічнай катэджнай забудове жыллёвага комплексу «Алімпік Парк» каля заказніка Лябяжы. Гэта будынак з цэглы, яго плошча – 652 квадратныя метры, а цана за метр перавысіла 4600 даляраў.
Дарэчы, самую дарагую кватэру ў чэрвені прадалі таксама ў Менску. Гэта адбылося ў так званым «доме Чыжа» у раёне Траецкага прадмесця. Гэта жыллё прэміюм-класа. Кватэра мае 158 метраў, адзін квадратны метр каштаваў пакупніку 2528 даляраў. Таму кватэра абышлася амаль у 400 тысяч даляраў.
Starbucks паступова адыходзіць ад працы з дому
Сетка кавярняў Starbucks, пазбаўляючыся ад спадчыны пандэміі кавіду ў выглядзе працы з дому, прадпісала сваім канторскім работнікам у ЗША і Канадзе прыязджаць у офіс чатыры дні на тыдзень, піша Бі-бі-сі. Да гэтага работнікам Starbucks трэба было працаваць у офісе тры дні на тыдзень, цяпер жа, пачынаючы з кастрычніка, ім трэба будзе з’яўляцца на працу з панядзелка па чацвер. Тым, хто не захоча амаль увесь час працаваць у офісе, давядзецца звольніцца. Ім будзе прапанавана аднаразовая выплата.
Іншыя буйныя амерыканскія кампаніі, напрыклад, Amazon або банк JP Morgan, таксама паступова скарачаюць працу з дому.
Беларускае Радыё Рацыя






