BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Колькі прадукцыі за мяжу прадае беларуская лёгкая прамысловасць?

Летась прадпрыемствы “Беллегпрама” паставілі прадукцыю ў 46 краін свету на суму $427 млн. У выніку забяспечылі дадатнае сальда знешняга гандлю — плюс $240 млн. Пра гэта расказала старшыня канцэрна Надзея Лазарэвіч. Асноўным рынкам пры гэтым застаецца Расея, у рэгіёны якой паставілі прадукцыі на $324 млн.

У склад канцэрна “Беллегпрам” уваходзіць 53 прамысловыя арганізацыі. Сёлета асноўную ўвагу ў канцэрне выдзяляюць дыверсіфікацыі экспартных паставак: акрамя традыцыйных напрамкаў, аднавілі пастаўкі ў Бразілію, пачалі – у Пакістан, Бахрэйн і Іарданію. Па словах Лазарэвіч, пераважна ідзе пра традыцыйныя для Беларусі пазіцыі – тканіну з лёну і катанізаванае льновалакно. Пры гэтым актыўна сталі пастаўляць і гатовую скуру на рынкі далёкай дугі – у Турцыю, Пакістан, Ізраіль, Індыю, піша Office Life.

Расея перакрывае шляхі для ўвозу танных машын праз Беларусь

З 1 красавіка Расея плануе ўвесці больш строгія правілы для ўвозу аўтамабіляў з краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Новыя правілы фактычна ліквідуюць папулярную схему, якая дазваляла расейцам эканоміць на мытных плацяжах пры імпарце аўтамабіляў праз Беларусь, Казахстан і Кыргызстан, піша “Наша Ніва”.

Згодна з новым дакументам, аўтамабілі, якія прыватныя асобы ўвозяць для асабістага карыстання з краін ЕАЭС, будуць абкладацца зборам гэтак жа сама, як і аўтамабілі, якія ўвозяць юрыдычныя асобы. На гэты момант прыватныя асобы яшчэ могуць увозіць аўто без даплаты розніцы мытнай пошліны, калі машына ўвозіцца для асабістага выкарыстання.

Анлайн-банк Paysera у Беларусі — усё?

Анлайн-банк Paysera перастаў працаваць у Беларусі. Пра гэта пішуць карыстальнікі чатаў пра перасячэнне мяжы. Беларусы — трымальнікі карт Paysera — атрымалі ад банка лісты з паведамленнем, што транзакцыі па гэтых картах у нашай краіне “будуць няўдалымі”. “Карты Paysera не могуць выкарыстоўвацца ў Беларусі. Гэтыя меры з’яўляюцца часткай захадаў Paysera па выкананні міжнародных санкцый”, — гаворыцца ў паведамленні банка.

Да гэтага часу Paysera быў адзіным літоўскім банкам, картамі якога можна было разлічвацца ў Беларусі, прыгадвае “Еўрарадыё”.

У Польшчы рушыла кампанія складання падатковых дэкларацый

Падача дэкларацый па падаходным падатку (PIT) за 2025 год стартавала 15 лютага. У Польшчы – гэта абавязак кожнага, у тым ліку дэкларацыю маюць падаваць іншаземцы, якія працуюць у гэтай краіне. У апошнія гады падача дэкларацый ажыццяўляецца ў тым ліку анлайн, пры гэтым пры выкарыстанні афіцыйнага сайта на дамэне gov.pl, вам трэба толькі праверыць ужо падрыхтаваныя для вас даныя і дэкларацыю і выслаць яе.

Некаторым падаткаплацельшчыкам трэба падаваць больш за адну дэкларацыю. Асобную падатковую дэкларацыю трэба падаць, калі вы атрымалі даход на фондавым рынку, ад продажу кватэры або даходу ад арэнды ў 2025 годзе. Прадпрымальнікам таксама давядзецца сутыкнуцца з большай працай з падатковай дэкларацыяй на прыбытак.

Падача дэкларацый працягнецца да 30 красавіка. 1,5% свайго падатку можна скіраваць на любую арганізацыю або фонд, які дзейнічаюць у краіне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: лён.бел.