BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Колькі радыеактыўных адходаў напрацоўвае БелАЭС?

БелАЭС будзе штогод напрацоўваць арыенціровачна 180 м.куб. эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў – гэта 95% ад агульнай колькасці па краіне. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч. Пакуль невядома, у якім рэгіёне будзе пункт пахавання адходаў. Гэтым пытаннем займаецца Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. Такія адходы ўтвараюцца не толькі на БелАЭС, але і ў медыцыне, прамысловасці, сельскай гаспадарцы ды іншых галінах.

Як нагадвае reform.by, паводле міжурадавага пагаднення, адпрацаванае ядзернае паліва будзе вывозіцца на перапрацоўку ў Расею, а прадукты перапрацоўкі будуць вяртацца ў Беларусь.

ЕЗ замарозіў актывы беларускага і расейскага бізнесу на 28 мільярдаў еўра

Еўразвяз замарозіў 28 млрд. еўра прыватных актываў расейскіх і беларускіх прадпрымальнікаў і кампаній. Як распавяла крыніца агенцтва РІА “Новости”, Еўрапейская камісія захоўвае курс на падтрымку Украіны. Стрымлівае ж гэты працэс тое, што ў ЕЗ пакуль адсутнічае заканадаўства, неабходнае для канфіскацыі прыватнай уласнасці расейскіх і беларускіх прадпрымальнікаў.

Хартыя Еўразвязу аб асноўных правах дапускае канфіскацыю прыватнай уласнасці, калі гэта ўяўляе “грамадскую цікавасць”. Аднак пры такім сцэнарыі ўласніку належыць справядлівая і своечасовая кампенсацыя.

Беларускія рамесніцы запусцілі анлайн-краму навагодніх падарункаў

У Беларусі з’явілася анлайн-крама сувеніраў і тавараў ад рамесніц Stužka Market. Яе адкрылі да навагодніх свят. Праект аб’ядноўвае жанчын, якія развіваюць свой бізнес, піша Office Life.

На маркеце прадстаўленыя 60 праектаў у васьмі катэгорыях. Гэта тавары для дома і дэкору, прысмакі ручной работы, дзіцячыя цацкі, адзенне, аксэсуары, упрыгажэнні, натуральная касметыка і падарункі для хатніх гадаванцаў. Усе тавары стварылі рамесніцы з Менска, Магілёва, Гомеля, Шчучына, Кобрына, Берасця і Бабруйска. Старонка маркету пачала працаваць на сайце арганізацыі ProWomen By.

Нацбанк выпусціў незвычайную манету

Нацыянальны банк выпусціў у абарачэнне памятныя манеты “Легенда аб Менеску” серыі “Легенды гарадоў Беларусі”.

Манеты выпушчаныя двух відаў: сярэбраная наміналам 50 рублёў і медна-нікелевая наміналам 1 рубель. Манеты маюць нестандартную форму (стылізаваную пад старадаўнюю манету). Бакавая паверхня манет з насечкай. На рэверсе: у цэнтры — стылізаваная выява млынара, вадзянога млына і кола, якое прыводзіла ў рух увесь млын. Уверсе па крузе надпіс — Легенда аб Менеску. Манета адчаканена ў Казахстане.

Манеты з’яўляюцца законным плацежным сродкам у Беларусі і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: virtualbrest.ru