BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Колькі складае сярэднестатыстычны заробак у Польшчы?

Апошнія дадзеныя Галоўнае статыстычнае ўпраўленне (GUS) падрыхтавала ў верасні 2025 года, больш свежых дадзеных няма. Ведамства вылічыла медыянны заробак, які ў верасні мінулага года складаў 7 145 злотых брута ў месяц. Медыянны заробак – гэта, можна сказаць, сярэдзіна. То бок, палова работнікаў зарабляе менш за гэты паказчык, а другая палова – больш.

Пры гэтым 7100 злотых брута азначае, што сярэдні чысты заробак па працоўнай дамове склаў 5200 злотых на рукі пасля выплаты ўсіх ўзносаў і падаткаў.

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года медыяна павялічылася на 6,9%, што пры інфляцыі ў 2,9% азначае рэальны рост заработнай платы на 3,9%, піша Беларуская служба Польскага радыё.

У Гародні запусцяць вытворчасць туалетнай паперы

У гарадзенскім раёне Грандзічы хутка пачнуць выпускаць уласную туалетную паперу, папяровыя ручнікі і сурвэткі. Новы рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест» — кампанія «Папера захад» — збіраецца ўкласці ў гэтую вытворчасць больш за 5 мільёнаў еўра. Грошы пойдуць на сучаснае абсталяванне і запуск ліній, што дазволіць стварыць каля 30 новых працоўных месцаў. Прадукцыя пойдзе не толькі на беларускія паліцы, але і на экспарт у Расею.

Мабільным аператарам забаранілі заганяць беларусаў у вялікі мінус

Цяпер аператары не маюць права дапускаць, каб на рахунку абанента была запазычанасць больш за 5 базавых — цяпер гэта 225 рублёў. Як піша «Наша Ніва», відаць, гэта адказ на гісторыі людзей, якія траплялі на велізарныя грошы ў роўмінгу. Многія ўключалі інтэрнэт выпадкова і атрымлівалі рахункі на тысячы рублёў. Цяпер гэта будзе немагчыма па законе. Праўда, не зусім зразумела, як забарона будзе працаваць.

Пуцін пагражае спыніць пастаўкі газу ў Еўразвяз

Уладзімір Пуцін даручыць ураду прапрацаваць пытанне сыходу з еўрапейскага газавага рынку да новых абмежаванняў Еўразвязу на расейскія вуглевадароды. Новыя санкцыі на вуглевадароды краіны ЕЗ павінны ўвесці 24 сакавіка. «Цяпер адчыняюцца іншыя рынкі. І, можа быць, нам больш выгадна зараз спыніць пастаўкі на еўрапейскі рынак. Пайсці на тыя рынкі, якія адчыняюцца, і там замацавацца», – сказаў Пуцін.

Ён удакладніў, што гэта “думкі ўслых”, а не актуальнае рашэнне. “Я абавязкова даручу ўраду, каб ён разам з нашымі кампаніямі прапрацаваў гэта пытанне”, – дадаў ён.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.