BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Колькі ў Еўразвязе працуе кампаній з расейскім капіталам?

У краінах Еўразвязу па стане на ліпень працавалі 46 тысяч кампаній, якія больш як на 40% прама ці ўскосна належаць расейскім юрыдычным ці фізічным асобам, у тым ліку з падвойным грамадзянствам, вынікае з даследавання рэйтынгавага агенцтва Moody’s. Большасць з іх зарэгістраваны ў Чэхіі, Балгарыі, Германіі, Латвіі ды Італіі.

Рэйтынгавае агенцтва адзначае, што банкі і фінансавыя ўстановы ў гэтых краінах павінны надаваць «асаблівую ўвагу» сваім аперацыям з удзелам падобных кампаній і даваць справаздачу па іх. (“Беларусы і рынак”)

Лукашэнка заявіў аб прапрацоўцы з Кітаем 15 стратэгічных праектаў

Беларусь прапрацоўвае з Кітаем 15 стратэгічных праектаў на агульную суму да 3 млрд даляраў. Пра гэта на перамовах з прэм’ерам Дзяржсавета КНР Лі Цянам заявіў Аляксандр Лукашэнка.  Паводле яго, раней у краіне з дапамогай Кітая рэалізавалі 27 стратэгічных прамысловых праектаў больш як на 5 млрд даляраў. Лукашэнка таксама назваў найбольш важныя праекты. Сярод іх – трэці этап БНБК, будаўніцтва заводаў па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы і ДСП, арганізацыя сучаснага аўтаматызаванага ліцця, вытворчасці рухавікоў, карбаміду ды іншыя.

Па словах Лукашэнкі, чакаецца, што на працягу пяці гадоў экспарт беларускіх паслуг у КНР вырасце на 12-15%, а інвестыцыі ў Беларусь – на 30%, піша reform.news.

Некалькі ўчасткаў на Гомельшчыне перастануць лічыць заражанымі

Савет Міністраў вырашыў выключыць участкі ў адным з раёнаў Гомельскай вобласці са спісу радыяцыйна небяспечных зямель. Іх перавядуць у гаспадарчае карыстанне. Адпаведная пастанова Саўміна апублікаваная на Нацыянальным прававым партале.

Гаворка ідзе аб участках, размешчаных на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці. Іх агульная плошча перавышае 16,6 гектараў. Усе ўчасткі належаць адкрытаму акцыянернаму таварыству “Майсееўка”, якое займаецца жывёлагадоўляй, раслінаводствам, птушкагадоўляй і перапрацоўкай лёну.

Хто ў Беларусі зможа называцца рамеснікам?

Да 1 верасня Савет Міністраў павінен вызначыць пералік відаў рамеснай дзейнасці. Вядома, што ў пералік дакладна ўвойдуць кавальская справа, мастацкая апрацоўка і роспіс вырабаў з дрэва, каменя, керамікі, выраб пражы і некаторыя нацыянальныя віды рамёстваў. Рамеснікам забароняць выкарыстоўваць прамысловыя машыны і абсталяванне, піша “Еўрарадыё”.

Працаваць, выплачваючы толькі рамесны збор (6,5 рублёў у месяц), змогуць не ўсе. Для гэтага трэба будзе мець статус народнага майстра, быць сябрам у Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці або працаваць на пасадзе майстра народных промыслаў. Ёсць выключэнні для пенсіянераў, інвалідаў і жыхароў малых населеных пунктаў. Астатнім прыйдзецца плаціць падатак на прафесійны даход (для фізічных асоб гэта 4% ад даходу).

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Red_Baron / Shutterstock.