Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў інфармацыю аб замежных інвестыцыях за студзень – сакавік 2024 года. За гэты перыяд у рэальны сектар беларускай эканомікі замежныя інвестары ўклалі $2,8 млрд інвестыцый. Паступленне прамых замежных інвестыцый склала $2,3 млрд, або 82,6% ад усіх замежных інвестыцый, піша Myfin.by.
Асноўнымі інвестарамі арганізацый рэспублікі былі суб’екты гаспадарання:
– Расейскай Федэрацыі (57,5% ад усіх інвестыцый),
– Кіпра (13,5%),
– Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (9,8%).
Raiffeisen можа мець праблемы з далярамі
Міністэрства фінансаў ЗША пісьмова папярэдзіла банк Raiffeisen, што яго доступ да амерыканскай фінансавай сістэмы можа быць абмежаваны з прычыны дзейных дамоваў з Расеяй. Намеснік міністра фінансаў ЗША Уолі Адэйма накіраваў у Raiffeisen ліст, у якім выказаў занепакоенасць пашырэннем дзейнасці банка ў Расеі, а таксама здзелкай на суму 1,5 мільярда даляраў з расейскім алігархам, які трапіў пад санкцыі. Хоць ад здзелкі, звязанай з Алегам Дзерыпаскам, Raiffeisen адмовіўся праз некалькі дзён пасля атрымання ліста, крыніца паведаміла, што занепакоенасць Мінфіна ЗША з нагоды бізнесу банка ў Расеі захоўваецца, піша Brief.
Гэтае папярэджанне — самае строгае з тых, што былі вынесеныя найбуйнейшаму заходняму банку ў Расеі з боку Вашынгтона. Адзначым, што групе Raiffeisen належыць беларускі Прыёрбанк.
Польскі Сейм прыняў закон аб энергетычных ваўчарах (бонах)
Сейм Польшчы прыняў урадавы варыянт закона аб энергетычных ваўчарах. Максімальная сума ваўчара складзе ад 300 да 600 злотых, у выпадку электрычнага ацяплення – ад 600 да 1,2 тысячы злотых. Энергетычны ваўчар стане аднаразовай грашовай дапамогай для малазабяспечаных сем’яў, якая выплачваецца ў другім паўгоддзі 2024 года. Сума ваўчара будзе залежаць ад колькасці чалавек у сям’і.
За прыняцце закона аб часовым абмежаванні цэн на электраэнергію, прыродны газ і цеплазабеспячэнне, а таксама за энергетычны ваўчар прагаласаваў 231 дэпутат. Зараз законапраект будзе накіраваны ў Сенат, піша money.pl. Закон таксама прадугледжвае ўвядзенне максімальнай цаны на электраэнергію ў перыяд з ліпеня па снежань на ўзроўні 500 злотых/МВт-гадз для хатніх гаспадарак. Што тычыцца газу, то з 1 ліпеня закон уводзіць максімальную цану, роўную тарыфу найбуйнейшага рознічнага гандляра PGNiG. Цяпер гэты тарыф складае 291 злоты.
Першы ў свеце карабель з рухавіком на дровах
Кампанія Drax з Вялікабрытаніі, якая кіруе гіганцкай электрастанцыяй, што працуе на паліве з драўніны, падпісала дамову з трыма японскімі суднаходнымі кампаніямі. Drax распрацуе для іх «біякарабель» на драўнянай дранцы. Па ўмовах дагавора першае грузавое судна, якое працуе на дровах, павінна адправіцца ў плаванне да 2029 года. Першапачаткова яно будзе выкарыстоўвацца для перавозкі ў Японію дранкі, якую кампанія вырабляе ў Паўночнай Амерыцы. Непасрэдна будаваць біякарабель будзе кампанія з Хірасімы, піша Office Life.
Праект Drax ужо выклікаў крытыку ў асяроддзі “зялёных”, якія лічаць, што рост папулярнасці драўнянага паліва вядзе да знішчэння лясоў. Раней аб пачатку эксплуатацыі першага карабля на біяпаліве паведаміў адзін з найбуйнейшых у свеце марскіх грузаперавозчыкаў – кампанія Maersk.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pixabay.com/CC0 Public Domain