Кошт аднаўлення эканомікі Украіны пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі вырас да 524 мільярдаў даляраў, што ў тры разы больш, чым меркаваны ВУП Украіны за 2024 год.

Да такой высновы прыйшлі аналітыкі Сусветнага банку, ААН, Еўрапейскай камісіі і ўраду Украіны.
Прамая шкода Украіне ад расейскіх нападаў вырасла са 152 мільярдаў даляраў у лютым 2024 году да 176 мільярдаў даляраў.
Найбольшая шкода нанесеная жыллёваму сектару, сектарам транспарту, энергетыкі, гандлю і сістэмы адукацыі.
Паводле экспертаў, ва Украіне пашкоджаныя або разбураныя больш за 2,5 мільёна хатніх гаспадарак — каля 13% усяго жыллёвага фонду краіны. Толькі на расчыстку і разбор завалаў спатрэбіцца не менш за 12,6 млрд даляраў. На аднаўленне жылога фонду неабходна каля 84 мільярдаў даляраў.






