Літва, Латвія і Эстонія ў выходныя, 8 лютага, адлучацца ад рэгіянальнай электрасеткі BRELL і пераключаюцца на рэгіянальную сетку Еўрапейскага Звяза. Краіны не выключаюць магчымасці кібератакі з боку Расеі да моманту выхаду, піша Politico.

Сістэма BRELL, пра якую ідзе гаворка, была створаная ў 2001 годзе. Яна называецца паводле першых літараў краінаў, якія ў яе ўваходзяць: Беларусь, Расея, Эстонія, Латвія і Літва. Сістэма прадугледжвае сувязь ліній электраперадач усіх гэтых пяці дзяржаваў у адно электрычнае кальцо.
DW адзначае, што гэты пераход на еўрапейскую сетку мае толькі сімвалічнае значэнне, бо краіны яшчэ з 2022 года адмовіліся ад куплі расейскай ці беларускай электраэнэргіі. Карыстальнікі не павінны заўважыць розніцы пры пераходзе.