Статыстычная служба Еўразвязу прадставіла абноўленыя даныя аб памеры мінімальнай заработнай платы ў краінах-чальцах. З 27 краін 22 маюць устаноўленыя памеры мінімалкі. Няма такога паказчыка ў Даніі, Італіі, Аўстрыі, Фінляндыі і Швецыі.

Самы высокі мінімальны заробак зафіксаваны ў наступных краінах:
Люксембург (€2704),
Ірландыя (€2391),
Германія (€2343),
Нідэрланды (€2295),
Бельгія (€2112).
Найменшыя значэнні адзначаны ў Балгарыі (€620), Латвіі (€780) і Румыніі (€795). У Польшчы памер мінімалкі складае 1 139 еўра ў эквіваленце брута, піша myfin.by.
У Расеі знішчылі амаль 41 тону ўвезеных з Беларусі груш
40,8 тоны ўвезеных з тэрыторыі Беларусі груш знішчана на палігоне ў Пскоўскай вобласці Расеі, паведамляе Рассельгаснагляд. Садавіну ўтылізавалі ў адпаведнасці з указам Пуціна, згодна з якім у РФ забараняецца ўвозіць харчаванне, вырабленае ў краінах, што ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да расейскіх юрыдычных і фізічных асоб. Такая прадукцыя мае быць знішчаная, піша “Позірк”.
Заяўляецца, што грушы былі дастаўленыя з беларускай тэрыторыі двума грузавікамі ў абыход фітасанітарных пастоў і без неабходных суправаджальных дакументаў. На скрынях з садавіной былі этыкеткі з пазначэннем краін паходжання — Польшча і Нідэрланды.
Уладальнікі аўто купілі рэкордную колькасць зімовага паліва
З пачатку года беларускія аўтаўладальнікі набылі на АЗС “Беларуснафты” больш за 33 тыс. тон дызельнага паліва “Арктыка”. Хоць у сярэднім на працягу года купляюць 10-15 тыс. тон.
«Арктыка» – сезоннае паліва з палепшанымі нізкатэмпературнымі характарыстыкамі. У “Беларуснафце” сцвярджаюць, што яно вытрымлівае да мінус 32°C. У апошнія гады «Арктыка» з-за цёплых зім не была ў топе продажаў. У гэтым годзе на АЗС кампаніі ўстанавілі гістарычны рэкорд. У студзені і першыя дні лютага прадалі больш за 33 тыс. тон, піша Office Life.
Медалі Алімпіяды-2026 сталі самымі дарагімі ў гісторыі
Медалі зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 года ў Мілане і Карціне-д’Ампецца сталі самымі дарагімі ў гісторыі. Пра гэта распавядае Forbes, які цытуе Office Life.
За апошнія месяцы кошту на золата і срэбра рэзка выраслі. Срэбра сёння каштуе прыкладна ў тры разы даражэй, чым падчас парыжскай Алімпіяды 2024-га, а золата – амаль удвая.
Алімпійскі залаты медаль складаецца з 500 грамаў срэбра і пакрыты 6 грамамі золата, а срэбраны медаль зроблены з 500 грамаў чыстага срэбра. Таму залаты медаль можа каштаваць прыкладна 1 940 даляраў, а срэбны – каля 1 тысячы даляраў. Для параўнання: на зімовай Алімпіядзе 2022 года кошт залатога медаля ацэньваўся ў $700, срэбнага – у $350.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: tz.de.






