Крытычная сітуацыя ў беларускай сельскай гаспадарцы. Такую адзнаку ў лісце Савету міністраў у сярэдзіне кастрычніка даў Дзяржкантроль. Дакумент апынуўся ў распараджэнні партала “Люстэрка” пры дапамозе арганізацыі BELPOL.
— Найбольш крытычная сітуацыя складваецца з сяўбой азімых збожжавых культур, якая вядзецца горш за мінулы год, — падкрэсліваецца ў лісце Савету Міністраў. Сярод прычын такой сітуацыі называецца адсутнасць у некаторых гаспадарках тэхнікі для ўборкі і пасеву, недахоп кадраў, а часам і насення. Таксама кантралёры выявілі, што ў шэрагу гаспадарак пасяўная прайшла без унясення мінеральных угнаенняў або з парушэннем іх разліковых доз, палі не ўсюды былі падрыхтаваны належным чынам, а тэхніка – не адрэгулявана. Гэта, сцвярджае КДК, паўплывае на зніжэнне будучага ўраджаю азімых. Не меншую асцярогу Камітэта дзяржкантролю выклікае сітуацыя з тэрмінамі ўборкі кукурузы.
Ад уладаў патрабуюць прыняць тэрміновыя меры па вырашэнні гэтых праблем.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: bymedia.net