Недахоп кіроўцаў у прыватных перавозках дасягае 60-ці працэнтаў – гэта 11 тысяч чалавек. Такую лічбу назвала Office Life старшыня Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў Кацярына Станкевіч. Яна ўдакладніла: размова ідзе пра лічбу з улікам таго, што поўнасцю выконваецца рэжым працы і адпачынку.
Сярэдні ўзрост кіроўцаў у прыватніка сёння – 42 гады, а ў дзяржаўнага перавозчыка – 50 гадоў.
З 1 кастрычніка крыху павялічаць пенсіі
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб павышэнні пенсій», які прадугледжвае пераразлік працоўных пенсій і іх павышэнне з 1 кастрычніка 2024 года ў сярэднім на 5%.
Адзначаецца, што на выплату пенсій у кастрычніку гэтага года будзе накіравана каля 2 млрд рублёў, з якіх 95 млн — дадатковыя выдаткі ў сувязі з іх павышэннем. Гэта другое па ліку павышэнне за год. Першае адбылося з 1 лютага на 10%. Паводле папярэдніх ацэнак, сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў кастрычніку гэтага года складзе 852 рублі. Гадавое павелічэнне дасягне 115 рублёў, або 15,6%.
У Беларусі ўвядуць падатак на чаявыя афіцыянтам?
У Беларусі абмяркоўваецца пытанне пра ўвядзенне падатку на чаявыя. Пра гэта расказала намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ніна Емяльянава ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Паводле чыноўніцы, каля года таму ў Міністэрстве эканомікі з удзелам прадстаўнікоў іншых ведамстваў разглядалася пытанне пра замацаванне ў заканадаўстве паняцця чаявых. Пры гэтым некаторыя дзяржорганы прапануюць улічваць гэтыя сумы ў заробку афіцыянта і, такім чынам, адлічваць з іх падаходны падатак. Канчатковага рашэння пакуль не прынялі.
Старшыня назіральнай рады Асацыяцыі рэстаратараў Беларусі Яўген Васільеў, каментуючы гэтае пытанне, падкрэсліў, што чаявыя — справа добраахвотная. А пры легалізацыі чаявых і ўлічванні іх у заробак трэба будзе плаціць не толькі падаходны падатак, але таксама ўнёскі ў ФСАН і г. д. У той жа час чаявыя можна разглядаць як дарэнне, што прапісана ў законах. (НН)
Беларускае Радыё Рацыя