На Кубе зарэгістравана 52 беларускія лекавыя прэпараты, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на кіраўніка ведамства Аляксандра Хаджаева.

Паводле міністра, на Кубе ёсць супрацьзапаленчыя прэпараты і антыбіётыкі вытворчасці Беларусі. Цяпер жа на Кубе запускаюць сумесную з Беларуссю вытворчасць лекаў. Прадукцыю плануюць прадаваць на ўнутраным кубінскім рынку і ў краінах Карыбскага басейна.
Дарэчы, летась Беларусь прапанавала Кубе стаць хабам яе лекаў і прасоўваць прэпараты ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза.
У апошнія гады Беларусь актыўна супрацоўнічае з Кубай у фармацэўтычнай вытворчасці. У мінулым годзе ў Беларусі зарэгістравалі першую кубінскую вакцыну ад раку лёгкіх CimaVax.
Урад Польшчы замарозіў цэны на электраэнергію да канца года
Цэны на электраэнергію ў Польшчы будуць замарожаныя на больш працяглы тэрмін, заявіў прэм’ер-міністр Дональд Туск. Рашэнне тычыцца хатніх гаспадарак. Раней урад замарозіў цэны да верасня, а цяпер працягнуў рашэнне да канца года.
Таксама ўрад Туска хоча адмовіцца ад так званага «падатку Маравецкага».
— Гаворка ідзе пра спрэчны падатак на рэгістрацыю найбольш танных аўтамабіляў, якія могуць сабе дазволіць грамадзяне з невялікімі заробкамі. Падатак Маравецкага палягаў на тым, што чым больш таннае аўто, тым большы збор падчас рэгістрацыі. Мы не згодныя з тым, што за ахову клімату фінансавую адказнасць павінны несці людзі, якія найменш зарабляюць, – адзначыў палітык, словы якога перадае «Польскае радыё».
Францыя адклікае 2,5 мільёна аўтамабіляў
Падушка бяспекі ў аўтамабілі можа не выратаваць нават пры лёгкім ДТЗ, а наадварот забіць, піша Reuters. Францыя абвясціла пра забарону эксплуатацыі ўсіх аўтамабіляў з падушкамі бяспекі Takata на Корсіцы і тэрыторыях каля мора, а таксама ўсіх машын, выпушчаных да 2011 года на мацерыковай Францыі. Усе аўтамабілі з падобнай сістэмай бяспекі павінны быць адкліканыя незалежна ад узросту і стану.
Японская кампанія Takata выкарыстоўвала ў сваіх падушках нітрат амонія – танны і нестабільны газагенератар. Менавіта гэты дэфект стаў прычынай сама меней 35 смерцяў па ўсім свеце, з іх 18 у Францыі. Сістэмы Takata выкарыстоўвалі больш за ў 30 аўтавытворцах, у тым ліку Skoda, Subaru, Suzuki, Toyota, Volkswagen. Праверку VIN вашага аўтамабіля можна выканаць на сайце аўтавытворцы або на дзяржпартале Міністэрства транспарту Францыі, піша выданне «Беларусы і рынак».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: vitrina.pl