Больш за 500 кампаній далучыліся да пагаднення па прасоўванні беларускіх тавараў. Як піша Office Life, канцэрн “Белнафтахім” падпісаў Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне павышэння эфектыўнасці продажаў тавараў айчыннай вытворчасці. У выніку на 1 верасня ўжо больш за 500 кампаній, у тым ліку аператары сувязі, гандлёвыя сеткі і іншыя арганізацыі, далучыліся да пагаднення. Сярод удзельнікаў пагаднення — А1, “Белпошта”, некаторыя аўтазаправачныя станцыі, Нацыянальны аэрапорт Мінск, “Атлант” і іншыя.

Нагадаем, што гандлёвыя арганізацыі Беларусі прызначаюць адказных за папулярызацыю беларускіх тавараў. Не зважаючы на намаганні ўладаў, сітуацыя не выглядае найлепей. Так вясной афіцыйна паведамлялася, што доля айчынных тавараў у рознічным гандлі знізілася да рэкорднага мінімуму за апошнія 10 гадоў – 56,4%.
Пенсіі павысілі, але інфляцыя робіць сваё
У Беларусі ад верасня другі раз за год паднялі працоўныя пенсіі — па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля. Рост склаў у сярэднім 5%. У лютым першае сёлета павышэнне пенсій склала каля 10%. Такім чынам, разам выходзіць, што беларускія пенсіянеры ў верасні атрымаюць пенсію на 15% вышэйшую, чым яшчэ ў пачатку года. Калі казаць у канкрэтных лічбах, то сярэдні памер пенсіі па ўзросце цяпер будзе складаць 980 рублёў.
Праўда, выданне “Беларусы і рынак” звяртае ўвагу, што ў ліпені рост спажывецкіх цэн склаў 7,4%, што стала самым высокім узроўнем з лютага 2023 года. Пры гэтым прадукты харчавання падаражэлі на 10,6%. Такім чынам, значную частку павышэння пенсіі па-просту з’ядае інфляцыя.
Стаўка рэфінансавання ў Беларусі трымаецца вышэй за 9%
Нацыянальны банк апублікаваў сярэдняе значэнне стаўкі рэфінансавання з пачатку бягучага года. Стала вядома, што сярэдняе значэнне стаўкі рэфінансавання за сем месяцаў ацэньваецца на ўзроўні 9,54 працэнта гадавых. Прыкладна столькі было і год таму. У асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі на 2025 год мэта па стаўцы рэфінансавання вызначана на ўзроўні 9-9,3 працэнта гадавых у сярэднім за год.
Адзначу, што стаўка рэфінансавання ўплывае на кошт крэдытаў і даходнасць укладаў для насельніцтва і бізнесу, а таксама на спажывецкі попыт і дзелавую актыўнасць. Гэты інструмент паказвае напрамак грашова-крэдытнай палітыкі краіны і адлюстроўвае стан эканомікі.
Футбольны ШІ-стартап з беларускімі каранямі прыцягнуў $1,1 млн.
Стартап са штучным інтэлектам AIstats прыцягнуў $1,1 млн. Пра гэта піша Retail Technology Innovation.
AIstats знаходзіцца ў Польшчы, але сярод яго заснавальнікаў ёсць беларусы. Каманда распрацоўвае мабільны ШІ-дадатак для футбольных заўзятараў і гульцоў, якія робяць стаўкі. З дапамогай прыкладання можна атрымаць аналітыку і прагнозы па матчах у рэальным часе. Гэты стартап называюць першапраходцам, які стварае першую фундаментальную мадэль для футбольнага аналізу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: TUT.BY.






