Падпісаны дагавор на пастаўку з Кыргызстана ў Беларусь бульбы і яблыкаў. Адзначаецца, што пагадненне прадугледжвае таксама ўвоз у Беларусь іншай гародніны і садавіны — морквы, капусты, цытрусавых.

27 траўня ўрад Беларусі зняў забарону на ўвоз бульбы з дзяржаў Еўразвязу ды іншых так званых “недружалюбных краін”. Раней, 8 траўня, Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы ў краіне, прапанаваўшы беларусам “адпакутаваць” без гэтага прадукту яшчэ месяц.
Пры гэтым ужо 3 чэрвеня міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў на палях міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі “Белагра-2025” заяўляў, што Беларусь “цалкам закрывае сваю патрэбу ў бульбе і гатовая экспартаваць неабходныя аб’ёмы” ў РФ. (паводле “Позірк”).
Якасць польскага брэнду Big Star паставілі пад пытаннем у Беларусі
У Беларусі забаранілі прадаваць адзенне фірмы, якая належыць польскаму мільянеру, піша выданне “Беларусы і рынак”. У пераліку небяспечнай прадукцыі, забароненай да рэалізацыі ў Беларусі, з’явілася адразу 30 найменняў адзення польскага брэнда Big Star. Гэта – адна з найстарэйшых заходніх fashion-кампаній, якія працуюць на беларускім рынку. Належыць яна польскаму мільянеру з лакальнага спісу Forbes Багдану Качмарэку і яго партнёру Веславу Костэру.
Як указваецца, забарона ўступае ў сілу з 5 чэрвеня па прычыне, што названае адзенне не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці.
Стала вядома, калі Балгарыя пяройдзе на еўра
Балгарыя ўступіла ў Еўразвяз яшчэ ў 2007 годзе. Цяпер жа Еўрапейскі цэнтральны банк і Еўрапейская камісія аб’явілі, што краіна прайшла ўсе эканамічныя тэсты і гатова стаць паўнацэнным чальцом еўразоны. Аднак гэта выклікала хвалю пратэстаў часткі насельніцтва, піша The Telegraph.
Згодна з планамі Еўразвязу і балгарскага ўрада еўра ў якасці нацыянальнай валюты ў краіне павінны ўвесці з 1 студзеня 2026 года. Канчаткова гэты тэрмін мусяць зацвердзіць 8 ліпеня. Пры гэтым апытанні паказваюць, што такі тэрмін не задавальняе больш за 50 працэнтаў насельніцтва краіны. Асноўная прычына – пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Тыя ж апытанні паказваюць, што 47% балгараў занепакоеныя ростам інфляцыі і кошту жыцця. А пры пераходзе на еўра цэны непазбежна вырастуць, як гэта ўжо было ў іншых краінах.
Беларускае Радыё Рацыя






