Легкавыя аўтамабілі ў Беларусі таннеюць ужо некалькі месяцаў запар, адзначаюць эксперты Беларускай асацыяцыі аўтамабілістаў са спасылкай на звесткі Белстата.

Такі трэнд назіраецца з траўня. А ў верасні дэфляцыя на рынку легкавых аўтамабіляў паскорылася і склала 2,24% за гэты год. Зніжаюцца цэны і на новыя аўтамабілі.
“Трэці квартал бягучага года прайшоў ва ўмовах узмацнення канкурэнтнай барацьбы аўтадылераў, што станоўча адбілася на рознічных цэнах для спажыўцоў”, — адзначаюць у БАА.
У сувязі з гэтым эксперты вырашылі звярнуцца ва ўрад з прапановай часткова аслабіць цэнавае рэгуляванне на аўтамабільным рынку. Гаворка ідзе пра лібералізацыю ў частцы бонусных выплат. Гранічныя надбаўкі пры фармаванні цэн, якія ўсталяваныя пастановай Саўміна, прапануецца захаваць.
У Беларусі сёлета адзначаецца рост продажу новых аўтамабіляў. У ліпені былі прададзеныя 4763 машыны — гэта ў 2,5 разу больш, чым у ліпені 2023 года. Гэта рэкордны паказчык за апошнія тры гады.
Беларусам і расейцам чарговы раз паабяцалі хуткую адмену роўмінгу
Работы па адмене роўмінгу паміж Беларуссю і Расеяй могуць завяршыцца да канца года. Пра гэта заявіў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.
«Ужо тое, што зроблена – вельмі сур’ёзны вынік. Цяпер перамовы ідуць, перш за ўсё, наконт інтэрнэт-кантэнту і вызначэння тых параметраў, якія будуць камфортныя для карыстальнікаў. Прыблізныя тэрміны завяршэння работ – да канца года», – сказаў ён.
Нагадаем, ідэя адмяніць роўмінг паміж дзвюма краінамі з’явілася яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі. Сам жа Мезенцаў у красавіку 2021 года ўжо казаў, што роўмінг “могуць канчаткова адмяніць да канца гэтага года”. Праз тры з лішнім гады ён выступае з тымі ж словамі.
Разам з тым у апошнія гады ўсё ж былі зроблены некалькі крокаў у гэтым напрамку: напрыклад, з 2022 года бясплатнымі з’яўляюцца ўваходныя званкі, таксама былі зніжаны тарыфы на сувязь.
Тэхналагічныя працы на банкаўскім працэсінгавым цэнтры
Банкаўскі працэсінгавы цэнтр уначы 18 кастрычніка будзе праводзіць тэхналагічныя працы. У выніку могуць узнікнуць праблемы з работай плацежных карт шматлікіх беларускіх банкаў.
«У прамежак часу з 03:20 да 6:30 магчымыя перапынкі ў абслугоўванні трымальнікаў картак банкаў, якія карыстаюцца паслугамі цэнтра, а таксама ў сетцы арганізацый гандлю (сэрвісу), пунктаў выдачы наяўных грошай, прылад самаабслугоўвання, банкаматаў, якія абслугоўваюцца банкамі, падключанымі да апаратна- праграмнаму комплексу цэнтра», – гаворыцца ў паведамленні.
Работы будуць звязаны з выкананнем патрабаванняў міжнародных плацежных сістэм.
Таргі на БВФБ скончыліся ростам даляра і еўра. Расейскі рубель патаннеў
Амерыканская валюта пасля невялікага зніжэння ў папярэднія дні зноў абнавіла гадавы максімум. Даляр падаражэў да 3,3104 рубля. Даражэйшай амерыканская валюта была толькі ў кастрычніку мінулага года, калі быў усталяваны гістарычны максімум у 3,3605 рубля.
Еўра вырас да 3,606 рубля.
Расейскі рубель патаннеў. 100 расейскіх рублёў ацанілі ў 3,405 беларускага рубля.
Беларускае Радыё Рацыя






