У Беларусі транзакцыі з лічбавым рублём будуць запушчаны ў 2026 годзе, піша Office Life. Лічбавы беларускі рубель толькі часткова заменіць як наяўныя, так і безнаяўныя грошы на рахунках у банках. Адаптацыя бізнесу і насельніцтва да абароту лічбавага рубля будзе адбывацца паступова. Нацбанк будзе падтрымліваць ліквіднасць банкаў для кампенсацыі адтоку грашовых сродкаў кліентаў, звязанага з папаўненнем лічбавых рахункаў.

У Нацбанку лічаць, што ўвядзенне ў абарот лічбавага рубля створыць шэраг пераваг для насельніцтва, бізнесу, банкаў і дзяржавы. Банкі і фінансавыя арганізацыі атрымаюць даходы, абслугоўваючы смарт-кантракты, прапаноўваючы новыя прадукты і паслугі.
Лічбавы рубель — гэта законны плацежны сродак, які выконвае функцыі грошай, эмітуе яго Нацбанк у безнаяўнай форме.
Беларусь пачала імпартаваць марфін з Расеі замест Вялікабрытаніі
З прычыны праблем з закупкай марфіну ў Вялікабрытаніі Беларусь стала імпартаваць гэты абязбольваючы сродак з Расеі, вынікае з заявы намесніка дырэктара РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Сяргея Краснага. На пытанне пра даступнасць абязбольваючых сродкаў для ракавых хворых у краіне, урач адказаў, што “лекавая бяспека — адзін з відаў дзяржаўнай бяспекі”, а “некаторыя краіны могуць праводзіць пэўны шантаж, карыстаючыся такімі рэчамі”. Паводле яго цяпер беларускі рынак цалкам забяспечылі расейскія вытворцы.
На пасяджэнні Выканкама Сусветнай арганізацыі аховы здароўя 24 студзеня ў Жэневе прадстаўнік Мінздароўя Анатоль Грушкоўскі фактычна абвінаваціў краіны Захаду ў палітычным характары спынення паставак важных медыкаментаў. У прыватнасці ён заявіў, што Вялікабрытанія зацягвала працэдуру выдачы ліцэнзіі на экспарт у Беларусь таблетак марфіну.
Лукашэнка зарабляе на кантрабандзе тытуню ў Вялікабрытанію – пішуць СМІ
Нацыянальная статыстычная служба Вялікабрытаніі лічыць Беларусь адным з асноўных пастаўшчыкоў на брытанскі рынак нелегальных тытунёвых вырабаў, гаворыцца ў публікацыі выдання inews.co.uk. Паводле звестак выдання, у перыяд з ліпеня 2022 года – па чэрвень 2023 Вялікабрытанія імпартавала з Беларусі “напоі і тытунь” на суму 161,6 млн фунтаў стэрлінгаў, што склала 96% усіх беларускіх паставак у гэтую краіну.
Пачаткова ацэньвалася, што гэты імпарт складзе значна больш, 451 мільён фунтаў стэрлінгаў, але гэтая сума была перагледжана ў бок змяншэння. Прычынай карэкціроўкі, сцвярджае выданне, стала закрыццё “пасля пачатку вайны ва Украіне” пунктаў пропуску на беларускай мяжы, праз якія ішоў “асноўны паток кантрабанды”. У артыкуле сцвярджаецца, што на кантрабандзе тытуню ў Вялікабрытанію Лукашэнка “зарабляе дзясяткі мільёнаў”.
Нізкая нараджальнасць можа прывесці да павышэння пенсійнага ўзросту
Раней ці пазней Польшча будзе вымушана вырашыць пытанне павышэння пенсійнага ўзросту. Пра гэта biznes.interia.pl сказаў доктар хабілітаваны Кшыштаф Тыміцкі з Інстытута статыстыкі і дэмаграфіі ў Варшаве. На яго думку, краіна ўжо не можа разлічваць на дэмаграфічны рост, бо асоб у дзетародным узросце будзе станавіцца ўсё менш, таксама павялічваецца нежаданне мець дзяцей.
Паводле свежых дадзеных, у Польшчы летась нарадзілася 272 тысячы дзяцей, а памерла 409 тысяч чалавек. Нараджальнасць была самай нізкай з часоў Другой сусветнай вайны. І гэта ў тым ліку кепская навіна для будучых пенсіянераў, бо сітуацыя з іх утрыманнем будзе ўскладняцца. Таму паўстанне пытання павышэння пенсійнага ўзросту.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: belmarket.by.





