BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ліхтэнштэйн пашырыў санкцыі супраць Беларусі

Ліхтэнштэйн сінхранізаваў санкцыі ў дачыненні да Беларусі з антырасейскімі. Размова ідзе аб пакеце абмежаванняў, якія былі прыняты летам гэтага года адносна Расеі. Цяпер Ліхтэнштэйн распаўсюдзіў фінансавыя, таварныя і гандлёвыя рэстрыкцыі на Беларусь. Гэта зроблена, каб прадухіліць абыход санкцыяў супраць Расеі праз нашую краіну.

Абмежавальныя меры ўключаюць у сябе забарону на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, тавараў марскога суднаходства. Таксама пад забарону патрапіў экспарт прадметаў раскошы. З Беларусі ж нельга імпартаваць золата, алмазы, гелій, вугаль і мінеральныя прадукты, у тым ліку нафту. Акрамя таго, уводзіцца больш шырокая забарона на аўтамабільныя перавозкі грузаў па тэрыторыі ЕЗ.

Раней да гэтага пакета санкцый далучыліся Нарвегія і Швейцарыя, прыгадвае Office Life.

У беларускага экспарту ўсё някепска, але ён поўнасцю залежыць ад Расеі

Пра гэта кажуць у “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”. Накіроўваючы ўвесь грузапаток у расейскія парты, чыноўнікі выконваюць план. Але краіна плаціць за гэта поўнай лагістычнай залежнасцю ад Расеі.

— Яны (расейцы) могуць круціць тарыфамі як хочуць і шантажаваць Беларусь. Гэта значыць, могуць ставіць любыя ўмовы ў абмен на паніжаныя тарыфныя каэфіцыенты за тона-кіламетр па расейскай тэрыторыі — і Беларусь будзе вымушаная згаджацца.

Асноўныя аб’ёмы беларускіх паставак цяпер праходзяць праз пункт “Езярышча” на поўначы Беларусі. У бок расейскай тэрыторыі кожны дзень едзе каля 12 цягнікоў, і з іх 9 — з калійнымі ўгнаеннямі. Рухомы склад, які Беларусь выкарыстоўвае для транспарціроўкі сваіх грузаў, у 90% выпадкаў падае Расея. Гэта поўная залежнасць. І ў выпадку, калі Расея адменіць зніжкі на тарыфы, Беларусі будзе няма куды дзявацца. (паводле “Еўрарадыё)

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) актывізуе сваю дзейнасць

У некаторых гарадах Еўропы праводзяцца спатканні спецыялістаў арганізацыі з прадстаўнікамі беларускага бізнесу. Падобная сустрэча адбылася ў Познані.

ABBA – гэта арганізацыя беларускага бізнесу за мяжой. Яна ставіць сваёй мэтай дапамагаць развівацца беларускаму бізнесу за мяжой, у прыватнасці ў Польшчы і іншых краінах Еўропы, ЗША, Канадзе. Так, ABBA заўсёды параіць дасведчанага кансультанта, які можа падзяліцца патрэбнай інфармацыяй з бізнесоўцамі. Акрамя экспертызы, гэта яшчэ і лобі для беларускіх прадпрымальнікаў, якія ў Еўропе могуць асацыявацца з прадстаўнікамі краін-агрэсараў. ABBA заўсёды падкрэслівае, што беларускія бізнесоўцы – гэта не пра Расею, а пра Еўропу. Беларусы – народ еўрапейскі, працавіты, адказны, а таму варта гэта зазначаць і нагадваць, каб усе ведалі, што беларусы – гэта пра Еўропу. І бізнес з беларускімі каранямі знаходзіцца ў Еўропе.

У наступным годзе асацыяцыя плануе зрабіць бізнес-форум у Каліфорніі.  (паводле Беларускай службы Польскага радыё)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: wikipedia.org (Ліхтэнштэйн)