Турцыя з 8 красавіка часова спыніла экспарт лімонаў з-за неспрыяльных умоў надвор’я ў раёнах збору ўраджаю. Паводле інфармацыі турэцкага Мінгандлю, нядаўнія замаразкі закранулі міжземнаморскія правінцыі Адана, Мерсін і Хатай. Рашэнне накіравана на абарону ўнутранага попыту і забеспячэнне харчовай бяспекі ў краіне.

Галоўны пакупнік турэцкіх лімонаў — Расея, якая летась набыла іх на 375 мільёнаў даляраў. За ёй ідуць Ірак, Украіна, Румынія і Польшча. Прыпыненне экспарту лімонаў, верагодна, закране і беларускія крамы. Замясціць турэцкія лімоны ў Беларусі разлічваюць за кошт паставак з Іспаніі і Кітая. Не выключана, што дэфіцыт некаторы час будзе, бо на перабудову лагістычных ланцужкоў спатрэбіцца час. І цэны на лімоны таксама вырастуць.
Як паўплываюць гандлёвыя войны Трампа на Беларусь?
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пачаў гандлёвую вайну з усім светам, калі ўвёў пошліны на імпарт з Кітая, Еўразвязу і іншых краін. На Беларусь, як і на Расею, гэтых абмежаванняў не наклалі. Але старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук у каментары для «Еўрарадыё» адзначыў, што і ў Беларусі гэтыя праблемы будуць адчувальнымі. Да прыкладу, раней ці пазней у краіне будзе адчувальны рост інфляцыі.
— У адносна кепскім сцэнарыі, прыкладна ў сярэдзіне года гэта адчуе Расея. Адпаведна, праз Расею будзе скарачацца і попыт на беларускую прадукцыю.
Што да ВУП, то, на думку эксперта, палітыка Трампа стане дадатковым імпульсам да таго, каб рост запаволіўся.
У сакавіку продажы новых легкавых аўтамабіляў знізіліся на 7%
Па выніках студзеня — сакавіка ў Беларусі прадалі больш за 13 тысяч новых легкавых аўтамабіляў, паведамляе сайт Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. У параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, гэта рост на 1,7 раза. Лідарамі продажаў у першым квартале сталі брэнды Belgee / Geely (доля на рынку — 42%) і LADA (33%).
Аднак сакавік унёс невялікую карэкцыю — продажы праз дылераў знізіліся на 6,9% у параўнанні з лютым. Больш за ўсё запаволіўся попыт на “зялёныя аўтамабілі” — іх доля апусцілася ніжэй за 12% у сукупных сакавіцкіх продажах легкавых аўтамабіляў”. Мяркуецца, што гэта звязана са зменамі ва ўмовах фінансавання, якія паўплывалі на пакупніцкую актыўнасць.
Беларусь стала вядучым імпарцёрам польскіх груш
Сёлета ў сакавіку ў Беларусь было пастаўлена 2.255 тон польскіх груш, паведаміў Саюз садаводаў Польшчы. З апублікаванай інфармацыі вынікае, што ў мінулым месяцы Беларусь стала вядучым імпарцёрам гэтай прадукцыі. Далей ідуць Казахстан, Украіна, Сербія і Кыргызстан.
Выданне «Позірк» звяртае ўвагу на факты незаконнай транспарціроўкі груш у Расею з тэрыторыі Беларусі. Так, летась у лістападзе Мытны камітэт Беларусі паведамляў аб “спыненні незаконнай транспарціроўкі ў Расею агулам 80 тон груш польскага паходжання”. Прадукцыю перамяшчалі без неабходных дакументаў і сертыфікатаў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.






