Літоўская кампанія па вытворчасці і гандлі сельскагаспадарчай прадукцыяй Akola Group спрабуе прадаць свой бізнес у Беларусі – фірму KLM. Аднак знайсці пакупнікоў пакуль не ўдаецца, піша “Зеркало”.

“Мы актыўна спрабуем рэалізаваць план вываду актываў тым ці іншым спосабам, але не знаходзім для гэтага магчымасці”, – заявіў фінансавы дырэктар Akola Group Мажвідас Шылейка. Паводле яго, даччыная фірма знаходзіцца на непрывабным рынку і мясцовыя інвестары не праяўляюць да яе цікавасці. Верагоднасць яе продажу ўскладняе прававое асяроддзе ў Беларусі, даўгавыя мільённыя абавязацельствы прадпрыемства і іншае.
Ад закрыцця мяжы з Польшчай вялікія страты нясе “Беларуськалій”
З 12 верасня польскія ўлады цалкам закрылі мяжу з Беларуссю. Для Беларускай чыгункі такая сітуацыя адразу азначала вялікія страты. Кожны кантэйнерны цягнік перавозіць у сярэднім каля 120—130 кантэйнераў, і хоць беларускі бок атрымлівае толькі 10—15% ад кошту перавозкі, агульныя недаатрыманыя даходы могуць дасягнуць 40—50 мільёнаў даляраў ужо да канца верасня.
Закрыццё мяжы закранула і інтарэсы галоўнага беларускага экспарцёра — “Беларуськалія”. Кампанія выкарыстоўвала пустыя кантэйнеры, што вярталіся з Еўропы, каб адпраўляць угнаенні ў Кітай. Цяпер гэты паток спыніўся і ўзнік дэфіцыт вагонаў, піша “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”.
У Беларусі хочуць увесці падатак на багацце
У Беларусі плануецца ўвесці дадатковую стаўку падатку для багатых грамадзян. У Савеце Рэспублікі гэта называюць “павышэннем справядлівасці падаткаабкладання”, бо ў аснове эканамічнай палітыкі Беларусі нібыта ляжыць сацыяльная справядлівасць.
У сувязі з гэтым сярод мер, якія павінны быць рэалізаваныя ў найбліжэйшай перспектыве, — падатковыя новаўвядзенні для тых, чые даходы значна вышэйшыя за сярэдні ўзровень па краіне. Акрамя таго, плануецца ўзмацненне падаткаабкладання ў дачыненні да ўласнікаў нерухомасці, чыя плошча кватэр ці жылых дамоў перавышае сярэднія паказчыкі, а таксама будуць уведзеныя некаторыя іншыя змены, піша “Наша Ніва”.
Рэкордныя выплаты па праграме “Добры старт”
Установа сацыяльнага страхавання Польшчы (ZUS) паведаміла, што ў рамках сёлетняй праграмы “Добры старт” ужо выплачана амаль 4 мільёны дапамог 300+ на агульную суму 1,19 мільярда злотых. Праграма, якая падтрымлівае бацькоў і апекуноў у набыцці школьных прылад, карыстаецца вялікай цікавасцю. Тэрмін падачы электронных заявак — 30 лістапада.
Праграма “Добры старт” прадугледжвае аднаразовую выплату ў памеры 300 злотых на кожнае дзіця, якое наведвае школу, ва ўзросце ад 7 да 20 гадоў, а ў выпадку дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі — да 24 гадоў. Дапамога даступная незалежна ад даходу бацькоў, а сродкі можна выкарыстоўваць для набыцця падручнікаў, сшыткаў і іншых неабходных школьных прылад.
Беларускае Радыё Рацыя





