У Літве ўзмацняюць кантроль на беларускай мяжы па двух напрамках. Так, літоўская мытня з 15 кастрычніка ўзмоцніць кантроль за паходжаннем імпартнай драўніны і вырабаў з яе. У выпадку адсутнасці належнага пацвярджэння паходжання драўніны і лесаматэрыялаў, тавары не дапусцяць у свабоднае абарачэнне. На сёння імпарт або транспарціроўка на тэрыторыю Еўразвязу драўніны і лесаматэрыялаў, якія паходзяць з Расеі або Беларусі, забаронены.

Таксама ёсць прапанова па абмежаванні аб’ёму дызельнага паліва, што ўвозіцца з Беларусі, яна ў актыўнай фазе разгляду. Прапанова літоўскага боку – абмежаваць увоз паліва 200 літрамі, піша “Беларусы і рынак”.
Еўрапарламент заклікаў уніфікаваць санкцыі да Беларусі і РФ
“Захаваць і пашырыць сваю палітыку санкцый супраць Расеі і прымяніць аналагічную палітыку санкцый да ўсіх дзяржаў, якія падтрымліваюць яе, уключаючы Беларусь, Іран і Паўночную Карэю”, заклікалі дэпутаты Еўрапарламента Рады ЕЗ у рэзалюцыі пад назвай “Сумесны адказ на нядаўнія парушэнні Расеяй паветранай прасторы і крытычнай інфраструктуры дзяржаў”.
Апошнія санкцыі ЕЗ у дачыненні да Менска, прынятыя 18 ліпеня, сфакусіраваны на забароне імпарту зброі, кантролі над экспартам і блакіроўцы фінансавых аперацый. Пры гэтым па Беларусі і Расеі прыняты раздзельныя санкцыйныя дакументы, прыгадвае “Позірк”.
Boeing больш не лідар
Самалёт ад французскага канцэрна Airbus абагнаў 737-ю мадэль ад Boeing па колькасці паставак. Цяпер Airbus A320 стаў самым прадаваным рэактыўным пасажырскім лайнерам у гісторыі. Па дадзеных брытанскай кампаніі Cirium, якая займаецца авіяцыйнай аналітыкай, шматгадовы рэкорд Boeing быў пабіты пасля перадачы самалёта А320 кампаніі Flynas з Саудаўскай Аравіі. У выніку агульны аб’ём паставак Airbus A320 з моманту выхаду мадэлі на рынак у 1988 годзе склаў 12 260 самалётаў.
Акрамя таго, у апошні час самалёты кампаніі Boeing часта пападаюць у навінавыя зводкі. У асноўным з-за тэхнічных непаладак. Так, напрыклад, у жніўні ў самалёта 737-й мадэлі падчас палёту адарвалася частка крыла. А летась у красавіку самалёт кампаніі “страціў” дзверы падчас палёту, прыгадвае Office Life.
У Польшчы можна атрымаць дапамогу на хатніх гадаванцаў
У Польшчы няма агульнанацыянальнай праграмы для ўладальнікаў жывёл, але многія гарады і гміны рэалізуюць уласныя ініцыятывы па падтрымцы ўладальнікаў сабак і катоў. Найбольш распаўсюджанымі формамі падтрымкі з’яўляюцца бясплатныя або субсідаваныя працэдуры стэрылізацыі і чыпавання, якія прызначаны для скарачэння колькасці бяздомных жывёл і палягчэння іх ідэнтыфікацыі. У некаторых рэгіёнах таксама даступныя мясцовыя субсідыі, такія як «500 злотых на сабаку», якія прадугледжваюць дафінансаванне ветэрынарнай дапамогі, пакупку неабходных рэчаў.
Мясцовыя органы ўлады і фонды таксама прапануюць субсідыі на ветэрынарнае лячэнне і дапамогу ў набыцці корму для ўладальнікаў, якія маюць фінансавыя цяжкасці. У выключных выпадках падтрымка можа быць даступная і праз сацыяльную дапамогу, калі кошт утрымання гадаванца перавышае фінансавыя магчымасці ўладальніка. (gazetaprawna.pl).
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






