BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Літоўская кампанія SBA цалкам пакінула Беларусь

Літоўская прамысловая група SBA цалкам пакінула беларускі рынак, перадаўшы свой магілёўскі мэблевы завод Mebelain аднаму з беларускіх кіраўнікоў прадпрыемства. Перадача адбылася ўскосным чынам, бо з-за палітычна-эканамічнай сітуацыі іншыя спосабы выхаду з Беларусі былі немагчымыя, піша Reform.news.

У SBA растлумачылі, што рашэнне выйсці з беларускага рынку прынялі яшчэ ў пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Але ў Беларусі былі ўведзеныя жорсткія абмежаванні на продаж актываў заходніх кампаній, што значна ўскладніла здзелку і адбіла жаданне ў многіх патэнцыйных пакупнікоў.

Завод Mebelain пачаў працу ў 2015 годзе, у яго было ўкладзена каля 47 мільёнаў еўра. Аднак пасля спынення дзейнасці ў 2022 годзе кампанія была вымушаная спісаць усе інвестыцыі як страты.

Падпісаны закон аб рыэлтарскай дзейнасці

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб рыэлтарскай дзейнасці», паведамляюць у прэс-службе палітыка. Законам ствараецца новы орган самакіравання — Палата рыэлтараў. У яе структуру ўключаюцца агульны сход, праўленне, старшыня і рэвізійная камісія.

Скасоўваецца інстытут агентаў па аперацыях з нерухомасцю. Правам аказання рыэлтарскіх паслуг будуць валодаць толькі рыэлтары, якія з’яўляюцца членамі Палаты рыэлтараў і якія маюць пасведчанне аб атэстацыі. Змяняюцца таксама падыходы да кваліфікацыйных патрабаванняў рыэлтараў: адмяняецца патрабаванне аб наяўнасці профільнай адукацыі. Рыэлтарам цяпер зможа стаць грамадзянін з любой вышэйшай адукацыяй, які прайшоў навучальныя курсы ў сферы нерухомасці і здаў атэстацыйны экзамен.

Аналаг культавага печыва будзе вырабляць “гаманец” Лукашэнкі

На кандытарскай фабрыцы, якая належыць “гаманцу” Лукашэнкі, будуць вырабляць аналаг культавага печыва. Гаворка ідзе пра фабрыку “Ардзіта”, якая належыць Аляксандру Зайцаву. Расследвальнікі “Бюро” выявілі, што на прадпрыемстве плануюць выпускаць бісквітнае печыва choco pie.

Кандытарскую фабрыку “Ардзіта” будуюць у асаблівай эканамічнай зоне “Брэміна-Орша”. Летась у будаўніцтва завода было ўкладзена амаль 22 мільёны рублёў. Прадпрыемства плануе заняцца вытворчасцю кандытарскіх вырабаў пад брэндам ZALEEPIE. Гэты таварны знак зарэгістраваны асабіста на Аляксандра Зайцава.

Указ Трампа аб зніжэнні цэн на лекі абваліў акцыі фармкампаній

Дональд Трамп заявіў аб падпісанні ўказа, у адпаведнасці з якім “адказным ведамствам” даручана на працягу 30 дзён прыняць меры па зніжэнні цэн на лекі на тэрыторыі ЗША. Гэта выклікала падзенне цэн на акцыі фармацэўтычных кампаній па ўсім свеце, піша Bloomberg.

Незадаволенасць амерыканскага прэзідэнта выклікала істотная розніца ў цэнах, па якіх адны і тыя ж лекі прадаюцца на розных рынках. У прыватнасці, што яны ў ЗША значна даражэйшыя, чым у бяднейшых краінах. «Амерыканцы не павінны плаціць амаль утрая больш за тыя ж самыя лекі, якія часта вырабляюцца на адных і тых жа фабрыках», – гаворыцца ва ўказе Трампа. Выступаючы на прэс-канферэнцыі, Трамп заявіў, што, паводле папярэдніх разлікаў, цэны на лекі ў ЗША ў большасці выпадкаў павінны будуць знізіцца “на 59% або 80%”.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: sba.lt.