BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Літоўскі прэм’ер: санкцыі на беларускі калій павінны заставацца

Змякчэнне санкцый у дачыненні да Беларусі і аднаўленне экспарту калійных угнаенняў “было б вялікай памылкай”, заявіў прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас у праграме “Інтэрв’ю Delfi”. Такім чынам ён адрэагаваў на інфармацыю сусветных СМІ пра патэнцыйнае паслабленне ўведзеных ЗША эканамічных абмежаванняў.

Сёння рэжым Беларусі праз падаражэнне лагістыкі і дзейных санкцый не атрымлівае непасрэдна ў бюджэт амаль паўмільярда даляраў ад экспарту ўгнаенняў. Гэта значная сума, і, калі мы вернем яе ў бюджэт, не думаю, што Літве ці нашаму рэгіёну ад гэтага стане лепш, — сказаў палітык.

На думку літоўскага прэм’ера, новая адміністрацыя ЗША павінна ўлічваць не толькі патрэбу ў калійных угнаеннях, але і пагрозы бяспецы, “якія ўзнікнуць у выпадку падтрымкі эканомікі варожых краін”, піша “Позірк”.

Гандлёвая вайна ЕЗ і ЗША закране і Беларусь

Гандлёвая вайна, якая пачалася паміж ЗША з аднаго боку і Кітаем, Канадай і Еўразвязам з другога, адаб’ецца і на Беларусі, лічыць эканамічны аглядальнік выдання “Беларусы і рынак” Андрэй Махоўскі. Па словах эксперта, гандлёвыя войны — гэта заўсёды рост цэн і паскарэнне інфляцыі. А паскарэнне сусветнай інфляцыі не можа не закрануць беларускую эканоміку, бо яна не самадастатковая.

Гэта значыць будуць даражэць імпартныя тавары, адпаведна, яны будуць даражэць і ў Беларусі, — тлумачыць эксперт.

Паводле Махоўскага, любыя гандлёвыя войны вядуць да запаволення тэмпаў сусветнага эканамічнага росту. Гэта прыводзіць да зніжэння закупак і цэн на нафту, што можа ўдарыць па беларускіх НПЗ, якія і так ужо маюць праблемы.

З 15 сакавіка падаражэе паліва

З 15 сакавіка ў Беларусі зменяцца цэны на бензін і дызельнае паліва, папярэджвае “Белнафтахім”. Цэны на АЗС павялічацца на 2 капейкі за літр паліва. У выніку з 15 сакавіка кошт кожнай з марак будзе такі:

АІ-92-К5-Еўра — 2,36 рубля;

АІ-95-К5-Еўра — 2,46 рубля;

АІ-98-К5-Еўра — 2,68 рубля;

ДТ — 2,46 рубля.

Як удакладнілі ў канцэрне «Белнафтахім», з улікам усебаковай ацэнкі эканамічнай сітуацыі, кан’юнктуры рынку нафты і нафтапрадуктаў у сумежных дзяржавах прынята рашэнне аб планавай паэтапнай карэкціроўцы цэн на нафтапрадукты на 16 капеек за літр паліва. Павышаць цэны будуць 2 капейкі ў тыдзень з 15 сакавіка.

Дональд Трамп зноў прыгразіў ЕЗ

Як паведамляе Bloomberg, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў увесці 200-працэнтныя пошліны на еўрапейскія віно, шампанскае і іншыя алкагольныя напоі. Агенцтва падкрэслівае, што гэта з’яўляецца эскалацыяй гандлёвай вайны паміж ЗША і Еўразвязам.

Паводле Трампа, гэта будзе “выдатным рашэннем для кампаній па вытворчасці віна і шампанскага ў ЗША”. Трамп заявіў, што калі Еўразвяз не адменіць падатак на амерыканскі віскі, то Злучаныя Штаты пойдуць далей. Прыгадаю, што віскі трапіў пад вялікі падатак у адказ на пошліны, якія Трамп увёў на еўрапейскія сталь і алюміній.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: © AP Photo/ Mindaugas Kulbis (Гінтаўтас Палуцкас).