Літва можа адмовіцца ад паслуг “Garsų pasaulio” па вырабе бланкаў пашпартоў і іншых дакументаў па выніках праверкі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі. Пра гэта гаворыцца ў адказе прэм’ер-міністра краіны Інгрыды Шыманітэ на запыт выдання 15min.lt. “Калі кампанія будзе прызнана нядобранадзейнай, будуць адшуквацца іншыя магчымасці вырабу асабістых дакументаў”, – заявіла Шыманітэ.
Раней 15min.lt і “Беларускі расследвальніцкі цэнтр” пры падтрымцы “Кіберпартызан” апублікавалі расследаванне аб сувязях кампаніі ў кантэксце праекта пашпарта Новай Беларусі. Журналісты прыйшлі да высновы, што паміж кампаніяй і кашальком Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым існуе сувязь. Пазней Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы ініцыяваў праверку. (reform.news)
Ці адкрыюць расійскае паветра для еўрапейскіх самалётаў?
Расійская паветраная прастора павінна быць адкрыта для кожнага, хто хоча ёй карыстацца – сцвярджае Уіллі Уолш, дырэктар IATA – міжнароднай арганізацыі паветраных перавозчыкаў, якая прадстаўляе больш за 330 авіяліній.
– На нашу думку, расійская паветраная прастора павінна быць адкрыта для ўсіх. Не бачу ніякіх пытанняў бяспекі, звязаных з палётамі над расійскай тэрыторыяй. Гэта палітычнае рашэнне, – заявіў Уолш. Ён дадаў, што з гэтай сітуацыі актыўна карыстаюцца кітайскія авіяперавозчыкі.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне расійскія самалёты не могуць карыстацца паветранай прасторай краін Еўразвязу. У якасці санкцый у адказ Крэмль забараніў палёты перавозчыкаў з ЕЗ над расійскай тэрыторыяй. (паводле money.pl)
Беларус сутыкнуўся з блакіроўкай у банку Santander у Польшчы
Беларус, які паўтара года таму адкрыў рахунак у банку Santander, сутыкнуўся з блакіроўкай: ён не можа зайсці ў свой акаўнт і банкаўскія прыкладанні. У тэхнічнай падтрымцы яму сказалі, што гэта звязана з нядаўнімі правіламі, уведзенымі для грамадзян Беларусі і Расіі, піша тг Dzik Pic. У Santander удакладнілі, што цяпер у грамадзян Беларусі і Расійскай Федэрацыі для адкрыцця новых прадуктаў павінен быць від на жыхарства ў Польшчы або іншай краіне Еўразвязу мінімум на 12 месяцаў, і што абавязак правяраць наяўнасць у кліентаў такога дакумента вынікае з прававых дакументаў, датычных міжнародных санкцый.
На Берасцейшчыне прадалі незвычайную нерухомасць за вялікія грошы
Былы комплекс вінзавода ў пасёлку Нова-Беражное Столінскага раёна прадалі з аўкцыёну на пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы за 2,4 мільёна рублёў. Пакуль гэта рэкордная сёлета сума. Як піша «Зеркало», вялізны комплекс складаецца з 15 капітальных будынкаў агульнай плошчай 9 тысяч квадратных метраў і размешчаны на ўчастку плошчай 7,4 гектара. Былы комплекс вінзавода спрабавалі прадаць на таргах з 2021 года, у тым ліку заніжалі кошт удвая, урэшце знайшоўся пакупнік.
Гэтая здзелка застаецца пакуль самай буйной у бягучым годзе. Да гэтага найбольшую суму (1,9 мільёна рублёў) аддалі за былую фабрыку сувеніраў «Славянка» у Берасці.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: Delfi (прэм’ер Літвы Інгрыда Шыманітэ).