Забарону на транзіт беларускіх угнаенняў праз Клайпедскі дзяржаўны марскі порт адмяняць не плануецца. Пра гэта ў эфіры нацыянальнага радыё LRT распавёў міністр замежных спраў Літвы Кестуціс Будрыс.

Нягледзячы на адмену абмежаванняў на пастаўкі беларускага калію, пра якую падчас візіту ў Беларусь паведаміў спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл, Літва захавае забарону на яго ўвоз і транзіт. Санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі Еўразвязам, працягваюць дзейнічаць як адносна імпарту ўгнаенняў, так і адносна заключэння дагавораў на транзіт. „Мы іх прытрымліваемся”, – сказаў Будрыс. Ён таксама выказаў надзею, што такой пазіцыі будуць прытрымлівацца Латвія і Польшча ў адносінах да імпарту беларускага калію праз свае парты, піша Office Life.
Урад Беларусі павышае базавую стаўку з 1 студзеня
З 1 студзеня 2026 года памер базавай стаўкі для аплаты працы ў бюджэтнай сферы складзе 297 рублёў. Стаўка павышаецца на 8,8%, цяпер яна складае 273 рублі. Дарэчы, намінальная налічаная сярэдняя заработная плата ў Беларусі ў кастрычніку склала 2 тысячы 758,6 рубля.
Нястача кадраў на беларускіх прадпрыемствах
Амаль усе беларускія прадпрыемствы адчуваюць сур’ёзную нястачу кадраў, заявіў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты. “У банку вакансій прыблізна 170 тысяч пазіцый, работнікаў, якія патрабуюцца проста зараз”, — сказаў Круты.
Для вырашэння праблемы, сказаў ён, з’явілася “сістэма прыцягнення каштоўных работнікаў з-за мяжы”: “Прыблізна 35 тысяч чалавек, у якіх няма пастаяннага віду на жыхарства ў Беларусі, працуюць сёння на нашых прадпрыемствах. Гэта невялікая колькасць, яна не вырашае праблему недахопу работнікаў. Але тут вельмі важна захаваць баланс”, — сказаў чыноўнік. Раней улады прызнавалі праблемы з адтокам з краіны кваліфікаваных кадраў і спецыялістаў рабочых прафесій.
З Беларусі запусцяць новыя аўтобусныя рэйсы ў Варшаву
Перад Новым годам з абласных гарадоў Беларусі запусцяць новыя аўтобусныя рэйсы ў Варшаву. Так, ужо адкрыты продаж білетаў на новы рэйс Гомель — Мазыр — Варшава. Білет у адзін бок абыдзецца ў 140 рублёў. Па дарозе аўтобус таксама заязджае ў Берасце.
Праз Берасце будзе курсіраваць і яшчэ адзін міжнародны аўтобус Гародня – Варшава ад польскага перавозчыка. Білеты каштуюць па 130 рублёў. Акрамя таго, з 19 снежня пачынае курсіраваць прамы аўтобус паміж Віцебскам і Варшавай. Білет каштуе 190 рублёў. Як адзначаюцца, у гэтым сезоне перавозчыкі па-рознаму падыходзяць да цэн на білеты ў перыяд павышанага попыту.
Беларускае Радыё Рацыя






