ЗША знялі санкцыі з беларускага калію пасля вызвалення 123-х палітзняволеных 13 снежня. Санкцыі супраць дзяржаўнага прадпрыемства “Беларуськалій” былі ўведзеныя ў жніўні 2021 года.

Ці адновіць Літва пастаўкі беларускага калію праз літоўскі порт у Клайпедзе і ці адкрые яго для Беларусі? На гэтае пытанне адказаў літоўскі палітык Жыгімантас Павілёніс, намеснік старшыні камітэта па міжнародных справах, былы пасол Літвы ў ЗША.
– Не адкрыецца. Толькі праз наш труп.
РР: А ў СМІ была інфармацыя, што можа быць дасягнута дамоўленасць.
– Гэтага не магло быць у літоўскіх СМІ, гэта хутчэй у беларускіх ці расейскіх.
Паводле міністра абароны Літвы Робертаса Каўнаса, калі Літва зазнае ціск з мэтай аднаўлення транзіту беларускіх угнаенняў праз Клайпедскі порт, то можна было б, у прыватнасці, абмеркаваць выкарыстанне выручаных ад яго сродкаў для падтрымкі Украіны.
Нагадаем, калій да ўвядзення санкцый быў галоўным экспартным таварам Беларусі. На яго прыпадала больш за 20% усяго экспарту з краіны.
Беларускае Радыё Рацыя






