Планы па будаўніцтве другой атамнай электрастанцыі ў Беларусі пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў Савеце Федэрацыі РФ. «Добра, зараз майнінг, крыптавалюта, электрамабілі — гэта ўсё зразумела, — сказаў ён. — Мы пачалі будаваць жыллё для людзей — цалкам з падагрэвам, абаграваннем, і цяпло, і гарачая вада — на электрычнасці…».

«Таму мы папрасілі расейцаў, калі маецца магчымасць, пабудаваць другую электрастанцыю».
Лукашэнка заявіў, што другую АЭС можна пабудаваць на ўсходніх межах: «Калі раптам што, Бранскую і іншыя вобласці, і новыя рэгіёны Расеі мы можам забяспечыць электрычнасцю». Пад «новымі рэгіёнамі» ён, відавочна, меў на ўвазе акупаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі.
Нацыяналізаваны машынабудаўнічы холдынг «Амкадор»
Нацыяналізаваны машынабудаўнічы холдынг “Амкадор”, піша “Наша Ніва” са спасылкай на свае крыніцы. Яго ўласнікам быў Аляксандр Шакуцін. Дзяржава адабрала ў бізнесмена кампанію і аддала яе пад кантроль БелАЗа.
“Амкадор” спецыялізуецца на стварэнні камунальнай, дарожна-будаўнічай, лесанарыхтоўчай і сельскагаспадарчай тэхнікі, аб’ядноўвае 27 прадпрыемстваў. Ён перайшоў пад кантроль Шакуціна (у 2020-м ён кантраляваў 76% акцый) і яго непальскіх бізнес-партнёраў у пачатку 2000-х. У дзяржавы на “Амкадоры” было каля 7%.
Дзякуючы знаёмству Аляксандра Шакуціна з Аляксандрам Лукашэнкам, “Амкадор” мог карыстацца таннымі грашыма, атрымліваючы крэдыты па льготных стаўках як для дзяржпрадпрыемстваў.
Жыхары якіх краін часцей за ўсё купляюць нерухомасць у Беларусі?
Удзел замежнікаў у беларускім рынку нерухомасці застаецца стабільным – на іх долю прыпадае каля 5% заключаных здзелак. Такую лічбу ў эфіры дзяржтэлеканала «Першы інфармацыйны» агучыла начальніца ўпраўлення ацэнкі Нацыянальнага кадастравага агенцтва (НКА) Вераніка Салаўёва.
«Калі мы гаворым пра кватэры і жылыя дамы, то замежнікі купляюць каля 4 000 аб’ектаў нерухомасці ў год, і чвэрць з іх знаходзіцца ў Менску», – сказала Салаўёва.
Яна адзначыла, што ў асноўным здзелкі заключаюць грамадзяне Расеі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, піша zierkalo.io.
Інфляцыя ў Польшчы: новыя дадзеныя
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне паведаміла, што ў лютым у Польшчы тавары і паслугі падаражэлі на 4,9% год да года. У параўнанні са студзенем цэны выраслі на 0,3%.
Цэны на прадукты харчавання і безалкагольныя напоі выраслі на 5,8 працэнта. За жыллё і энерганосьбіты жыхары заплацілі на 10,7% больш. Сярод лідараў – сметанковае масла, якое за год падаражэла на 25 працэнтаў. Цэны на яйкі выраслі на 10 працэнтаў год да года. У сваю чаргу на 6 працэнтаў падаражэлі мяса, гародніна і садавіна.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: rosatomnewsletter.com