Услед за Менскай вобласцю ўлады Магілёўскай вобласці таксама аб’явілі пра павышэнне тарыфаў на праезд у грамадскім транспарце. Новыя цэны, як чакаецца, пачнуць дзейнічаць з 29 сакавіка, піша Mogilevnews.

Цана праезду ў гарадскім транспарце (аўтобусах i тралейбусах) павялічыцца ў Магілёве з 80 да 90 капеек за паездку. Для экспрэсных маршрутаў тарыф паднімецца з 0,90 да 1 рубля. Змены закрануць таксама прыгарадныя перавозкі.
У Беларусі забаранілі прадаваць папулярныя аліўкі і таматную пасту
Дзяржаўны стандарт зноў абнавіў спіс небяспечнай прадукцыі. У яго патрапілі іспанскія аліўкі, фаршыраваныя ласосем, з маркіроўкай Gusto. У аліўках знайшлі кансервант дыяксід серы (Е220). У выніку іх забаранілі прадаваць з 3 красавіка. Прадпісана таксама выключыць прадукт з абарачэння. Раней па гэтай жа прычыне забаранілі прадаваць іспанскія аліўкі гандлёвай маркі ITLV.
Дадалі ў спіс і таматную пасту ад магілёўскага «Бубенька». У прадукце таксама аказаўся кансервант дыяксід серы (Е220), знайшлі ў ім і парушэнні іншых стандартаў.
Еўразвяз увёў санкцыі супраць «Цыбулькі-Бел»
У новы спіс падсанкцыйных кампаній Еўразвязу патрапілі 25 чалавек і 7 кампаній, у тым ліку «Цыбулька-Бел», заўважыў Reform. Дакумент апублікаваны ў афіцыйным часопісе ЕЗ. Сярод людзей, супраць якіх увялі чарговы пакет санкцый, члены ЦВК, суддзі, дырэктары заводаў, супрацоўнікі кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, кіраўнік партыі «Белая Русь».
«Цыбулька-Бел» — прадпрыемства ў Лідскім раёне, якое часткова належыць грамадзяніну Германіі Ёргу Дорнау. На гэтай фірме да работ прыцягвалі зняволеных з беларускіх турмаў, у тым ліку палітвязняў.
З 1 красавіка падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт
Міністэрства падаткаў і збораў апублікавала інфармацыю пра максімальныя рознічныя цэны на цыгарэты з фільтрам, якія пачнуць дзейнічаць з 1 красавіка 2025 года. У адпаведнасці з гэтай інфармацыяй, у Беларусі з 1 красавіка павінна вырасці цана некалькіх дзясяткаў марак, вырабленых рознымі кампаніямі. Цэны вырастуць у дыяпазоне ад 5 да 30 капеек.
Акрамя таго, з апублікаванай інфармацыі вынікае, што тытунёвая фабрыка «Нёман» пачне вырабляць новыя для айчыннага рынку маркі цыгарэт.
Разрыў у два разы: топ самых багатых і самых бедных раёнаў Беларусі
У некаторых раёнах Беларусі сярэдні заробак перавысіў дзве, а то і тры тысячы рублёў, а недзе ён ледзь дацягвае да 1500. Ва ўсякім разе, такія памеры даходаў беларусаў агучваюць чыноўнікі. Еўрарадыё паглядзела свежую статыстыку Белстата. Усе сумы называюцца без уліку падаткаў і збораў.
Больш за ўсіх зарабляюць у Менску— тут у сярэднім атрымліваюць 3309 рублёў. На другім месцы — жыхары Менскага раёна, у іх у сярэднім выходзіў 3021 рубель. У топ самых бедных раёнаў па традыцыі ўваходзіць Шаркаўшчынскі — тут сярэдні заробак у лютым склаў 1509 рублёў. Далей у спісе — Кармянскі раён, тут у сярэднім зараблялі 1577 рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: masheka.by






