
У Беларусі з’явяцца новыя прапагандысцкія купюры. Колькі пойдзе грошай на гэтае шчасце – не паведамляецца. У народа, зразумела, таксама не спыталіся. Хуценька вырашылі, хуценька зрабілі. Гэта не ЕС, дзе працэс рэдызайну еўра цягнецца чатыры гады. Спачатку Еўрапейскі цэнтральны банк ініцыяваў, потым назваў тэматычныя кірункі, потым прадставіць канкрэтныя планы па афармленні. У наступным годзе будуць адабраныя эскізы і прадстаўленыя грамадскасці. Потым гэтую грамадскасць апытаюць. А пасля гэтага будзе прынятая канчатковае рашэнне пра выгляд новых купюр, якія з’явяцца па выніку толькі праз некалькі год. У Беларусі нацбанк не пераймаецца такімі пытаннямі, як прадстаўленне і апытанне грамадскасці наконт новых купюр. Ім галоўнае, каб саміведаецехто зацвердзіў. А ў беларускага грамадства ўлады Беларусі даўно ўжо нічога не пытаюць. А калі і пытаюць, то меркаванне грамадзян ні на што не ўплывае. Захацелі – і выпусцілі новую купюру. І для гэтага не трэба некалькі год чакаць. Бо для беларускага рэжыму ідэалогія і прапаганда – на першым месцы, а меркаванне беларусаў – на апошнім. Раз рыхтуецца ўся краіна да прапагандысцкага свята 80-годдзе перамогі, то значыцца знакі гэтыя павінны быць паўсюль, ад школ да грошай.
Беларускае Радыё Рацыя






