BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марына Гірын: Запрашаем да супрацы з АВВА

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) у верасні адзначыла 3-годдзе свайго існавання. У гонар даты аб’яднанне зладзіла ў Варшаве форум, гасцямі якога сталі і замежнікі. Мы паразмаўлялі з віцэ-прэзідэнткай ABBA Марынай Гірын пра дзейнасць арганізацыі, бізнес-перспектывы, а таксама святкаванне 3-годдзя.

РР: Як шмат людзей сабралася і ці толькі прадстаўнікі беларускай бізнес-супольнасці?

Марына Гірын: У асноўным гэта, канешне, былі прадстаўнікі бізнес-супольнасці сярод нашых гасцей. Нас было каля 150 удзельнікаў з 10 краін свету. І таксама нашы партнёры з дзяржаўных устаноў як Польшчы, так і ЗША. З ЗША былі прадстаўнікі Дэпартамента гандлю, з Польшчы – гэта Прамысловая гандлёвая палата, з якімі мы цесна супрацоўнічаем. І таксама іншыя госці.

РР: Хто апынуўся сярод спікераў, чаму менавіта гэтыя людзі?

Марына Гірын: Гэты раз форум у нас быў прысвечаны бізнесовым пытанням, гэта маркетынг, штучны інтэлект. Гэта тое, што цяпер выкарыстоўваецца і надта важна. Госці выбіраліся кампетэнтныя, то бок прафесіяналы ў сваёй галіне.

І мы маем гонар, што яны апынуліся ў нас на сцэне.

РР: Некалькі імёнаў назавіце, калі ласка.

Марына Гірын: Сярод спікераў форуму было, дарэчы, шмат жанчын. Напрыклад, Раберта Чыанэці, кіраўніца вышэйшага звяна з шырокім досведам у працы са СМІ, міжнародных адносінах. З польскага боку была Анжаліка Хімкоўская – стратэг моцных асабістых рэпаратыўных брэндаў, Генеральны дырэктар кампаніі “Сільна марка”. Мы ўдзячныя ім, што яны пагадзіліся выступіць на нашым форуме.

РР: Ці былі нейкія думкі агучаныя падчас мерапрыемства, якія вас уразілі ці закранулі найбольш?

Марына Гірын: Як арганізатар форуму я, канешне, прысутнічала не на ўсіх панэлях, але водгук ад бізнесу менавіта па першых дзвюх панэлях надта добры. Шмат новага і цікавага яны даведаліся, што будуць выкарыстоўваць у сваім бізнесе. Таксама для мяне быў гонар весці панэль бізнесовую беларускую. Што мне спадабалася? Мы, напрыклад, узнялі пытанне падтрымкі, супрацы беларускіх культурніцкіх праектаў. Бізнесоўцы, удзельнікі маёй панэлі, выказалі свае думкі, як яны могуць дапамагчы. Я б тут прывяла два прыклады. Вось у нас выступала Яна Карчэўская, яна вырабляе касметыку, касметыку яна адпраўляе ў розныя краіны свету – гэта і Гішпанія, і Амерыка, яна ў пакунках адпраўляе. І яна прапанавала, што якраз у гэтыя пакункі можна ўкладаць нейкія маленькія паштоўкі, эскізы, творы беларускіх пісьменнікаў менавіта з QR-кодам менавіта на іх старонкі, на іх вытворчасць.

Таксама наш амбасадар АВВА у Вроцлаве Раман Цімафееў прапанаваў сваю дапамогу, каб разабраць стратэгічны падыход культурніцкага нейкага бізнесу ці ініцыятывы, то бок як можна настроіць нейкія механізмы, каб зарабляць грошы.

І насамрэч вось гэтую ментарскую дапамогу, мне падаецца, гатовыя прадастаўляць большасць ментараў нашай асацыяцыі як з Еўропы, так і са Злучаных Штатаў Амерыкі. Таму, калі ласка, запрашаем да супрацы з АВВА, мы адкрытыя і будзем гатовыя дапамагаць вам у гэтым сваімі рэсурсамі і сваімі ведамі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:


Дарэчы, 8-га кастрычніка АВВА правядзе сустрэчу з амбасадарам асацыяцыі ў Пенсільваніі Віталём Самсонавым. На падзеі прадпрымальнік, які ўжо 15 гадоў будуе бізнес у ЗША, падзеліцца ўласным досведам.

З віцэ-прэзідэнткай ABBA Марынай Гірын гутарыла журналістка Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя