Масква выдзеліць беларускаму ўраду адтэрміноўку па даўгах на суму 250 мільёнаў даляраў. Пра гэта паведамляе расейскае выданне ТАСС са спасылкай на змест міжурадавага пагаднення.

– Агульны аб’ём адтэрмінаваных плацяжоў складае каля 250 мільёнаў даляраў. Паколькі пагадненне прадугледжвае такую растэрміноўку, яно патрабуе, адпаведна, ратыфікацыі, – паведаміў намеснік міністра фінансаў Расеі Уладзімір Колычаў.
Як нагадвае “Люстэрка”, сёлета Беларусі трэба заплаціць па даўгах больш за 23,7 мільярдаў рублёў. Гэта каля 8 мільярдаў даляраў.
IT-кампанія з беларускімі каранямі ўвайшла ў топ-3 у свеце
У тройку найлепшых у свеце кампаній, якія займаюцца тэсціраваннем праграмнага забеспячэння, увайшла кампанія з беларускімі каранямі A1QA. Спіс лідараў прадставіла рэйтынгавая платформа GoodFirms.
У штаце A1QA, заснаванай у 2003 годзе ў Менску беларускім бізнесменам Сяргеем Гвардзейцавым, занята звыш 1100 чалавек. Штаб-кватэра знаходзіцца ў амерыканскім горадзе Дэкейтэр у штаце Джорджыя. Кампанія мае прадстаўнічы офіс у Лондане і чатыры цэнтры распрацоўкі ў Польшчы, Грузіі, Бангладэш і Мексіцы, піша “Наша Ніва”.
Колькасць ІП за 2025 год зменшылася на 13,9%
У Беларусі ў мінулым годзе колькасць юрыдычных асоб павялічылася, а індывідуальных прадпрымальнікаў — зменшылася, вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
На 1 студзеня 2026 года ў краіне было зарэгістравана 162.274 арганізацыі (+3,9% год да года). Колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў на пачатак года склала 204.350 (-13,9% год да года). Найбольш ІП займаюцца рамонтам аўтамабіляў і матацыклаў, лагістыкай, прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасцю, будаўніцтвам.
Самыя вялікія скарачэнні з-за ШІ – у Вялікабрытаніі
Вялікабрытанія губляе больш працоўных месцаў з-за ўкаранення штучнага інтэлекту, чым стварае, і сутыкаецца з больш цвёрдымі наступствамі аўтаматызацыі ў параўнанні з іншымі буйнымі эканомікамі. Пра гэта гаворыцца ў новым даследаванні інвестыцыйнага банка Morgan Stanley, на які спасылаецца Devby.io.
Брытанскія кампаніі за апошнія 12 месяцаў зафіксавалі чыстае скарачэнне працоўных месцаў на 8% у выніку ўкаранення штучнага інтэлекту – гэта самы высокі паказчык сярод краін, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, уключаючы ЗША, Германію, Японію і Аўстралію. Пры гэтым кампаніі паведамляюць аб сярэднім росце прадукцыйнасці на 11,5% дзякуючы выкарыстанню ШІ.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц






