У інтэрнэце адбыўся сур’ёзны збой, які прывёў да спынення працы дзясяткаў папулярных сайтаў. Прычынай стала масавая непаладка ў інфраструктуры Cloudflare. Карыстальнікі, якія спрабавалі зайсці на розный сайты і сэрвісы, атрымлівалі паведамленні пра памылку.

Cloudflare адказвае за абарону сайтаў ад кібератак, размеркаванне нагрузкі і стабільную працу падчас высокага трафіку. Але калі збой адбываецца ў самой Cloudflare, праблемы ўзнікаюць адразу ў вялікай колькасці сэрвісаў, якія на яе абапіраюцца.
Паводле паведамленняў, непаладкі пачаліся каля 12:30 паводле варшаўскага часу. У Cloudflare пацвердзілі, што вывучаюць праблему, якая закранула «мноства кліентаў». Нават сэрвіс DownDetector, які адсочвае маштабныя збоі ў інтэрнэце, таксама часткова перастаў працаваць.
Пазней кампанія пацвердзіла масавыя памылкі 500 і праблемы з Dashboard і API. Cloudflare заявіла, што інжынеры ўжо займаюцца іх ліквідацыяй.
Станам на 15:45 па варшаўскім часе Cloudflare паведаміла, што памылка выпраўлена. У каментары для TechRadar кампанія адзначыла, што прычына збою пакуль невядомая: «У 11:20 UTC мы зафіксавалі ўсплёск незвычайнага трафіку на адным з сэрвісаў Cloudflare. Гэта прывяло да збояў у частцы трафіку, які праходзіць праз сетку Cloudflare. Прычына гэтага ўсплёску пакуль высвятляецца».
Нагадаем, нядаўна адбыўся маштабны збой у Amazon Web Services. Тады, як і зараз, адначасова “падалі” самыя розныя сайты, не звязаныя паміж сабой. Сучасны інтэрнэт трымаецца на некалькіх буйных інфраструктурных правайдарах — і калі адзін з іх дае збой, гэта адчуваецца па ўсім свеце.
Беларускае Радыё Рацыя





