BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мазырская ЦЭЦ і НПЗ аднавілі працу, гарачай вады ў дамах няма

Мазырская цеплаэлектрастанцыя (ЦЭЦ) вяртаецца да звыклага рэжыму працы пасля ліквідацыі наступстваў непагадзі, якая абрынулася на горад увечары 14 ліпеня і пакінула мясцовых жыхароў без вады і электрычнасці, паведаміла ўвечары 16 ліпеня Мінэнерга Беларусі.

Фота: © ГПО “Белэнерга”

Таксама адноўлена энергазабеспячэнне галоўнага прамысловага спажыўца горада — Мазырскага НПЗ.

«Вядуцца работы па аднаўленні гарачага водазабеспячэння жыллёвага фонду. Плануецца, што падача гарачай вады насельніцтву пачнецца найбліжэйшым часам і будзе ажыццяўляцца паэтапна», — паведамілі ў Мінэнерга.

Увечары 14 ліпеня моцная бура пакінула 105 тысяч жыхароў Мазыра без вады і электрычнасці. У Гомельскай вобласці аб’явілі надзвычайную смтуацыю і сфармавалі аператыўны штаб па ліквідацыі наступстваў непагадзі. Праз адсутнасць электрычнасці спынілі працу Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і прадпрыемства «Мазырсоль».

Беларускае Радыё Рацыя