Мазырскі раён застаецца стратным 23 месяцы запар, піша выданне “Флагшток”, якое прааналізавала афіцыйныя дадзеныя.

Так, страты Мазыршчыны ў лістападзе склалі мінус 323,8 млн рублёў. Незалежныя аналітыкі называюць асноўным фактарам паліўны дэфіцыт у Расеі ўвосень 2025 года, які ўзнік пасля серыі ўкраінскіх атак па нафтаперапрацоўчым комплексе РФ. Асноўныя эканамічныя паказчыкі Мазырскага раёна амаль цалкам фармуюцца Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам.
Таксама на Гомельшчыне кепскія справы ў Жлобінскім раёне, страты якога па стане на леташні лістапад склалі амаль 137 мільёнаў рублёў. У Жлобіне размяшчаецца Беларускі металургічны завод, які трапіў пад міжнародныя санкцыі.
Крызіс адносін паміж расейскай і беларускай чыгункамі
Паводзіны Расеі ў дачыненні да Беларускай чыгункі прыводзяць да істотных фінансавых страт: фактычна беларускіх перавозчыкаў выштурхоўваюць з транспартнага рынку Расеі. Да такой высновы прыйшла “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”.
Асноўны ўдар прыйшоўся па грузавых вагонах. У мінулым годзе Расея ўвяла забарону на падачу пад пагрузку парожніх вагонаў іншых краін на сваёй чыгуначнай сетцы. Гэта рашэнне фактычна выціснула беларускія вагоны з рынку: доля экспартных перавозак у парку БелЧыгункі за год скарацілася з 43% да 34%. Нарастаюць і праблемы з кітайскім транзітам. Цягнікі з Кітая, што ідуць праз Беларусь, усё часцей затрымліваюцца на мяжы Кітая і Казахстана на дні і нават тыдні з прычыны праверак на адпаведнасць расейскім нормам.
Як змясціцца ў лімітныя гігабайты без праваднога інтэрнэту
У “Белтэлекама” спыталі, як змясціцца ў вызначаныя безлімітныя 30 Гб, калі няма праваднога інтэрнэту.
Як прыгадвае “Люстэрка”, у канцы лютага паводле рашэння Міністэрства сувязі мабільныя аператары павінны змяніць умовы тарыфных планаў з безлімітным інтэрнэтам. Высокая хуткасць будзе толькі на першыя 30 Гб у месяц, а далей трэба або задаволіцца хуткасцю 1 Мбіт/с, або даплачваць. Паводле міністра сувязі Кірыла Залескага, змены закрануць “усяго менш за 15% абанентаў”. Але справа ў тым, што ў многіх абанентаў, асабліва ў сельскай мясцовасці, няма праваднога інтэрнэту, і мабільная сувязь – адзіная магчымасць. Калі праз мабільны інтэрнэт глядзець фільмы, або той жа ютуб, трафіка расходуецца нашмат больш, чым вызначаныя 30 Гб. Людзі непакояцца, што за інтэрнэт давядзецца плаціць высокія рахункі.
У Польшчы прапануюць памяняць спосаб продажу алкагольных напояў
Ці алкаголь павінен знікнуць з паліц у крамах і на аўтазапраўках? Увядзенне такога спосабу продажу алкаголю прапануе Польская арганізацыя нафтавай прамысловасці і гандлю. Старшыня арганізацыі Лешак Вівала кажа, што гэта новы стандарт продажу алкаголю:
– Ідэя палягае на тым, каб абмежаваць дэманстрацыю прадукту, то бок і яго ўздзеянне. Напрыклад, алкаголь можна змяшчаць у шафах. Кліент будзе мець доступ да інфармацыі пра асартымент і цану, але непасрэдна не будзе бачыць тавару.
Мяркуецца, што такі спосаб продажу зніжае рызыку імпульсіўных пакупак, піша Беларуская служба Польскага радыё.
Беларускае Радыё Рацыя.






