BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Мазырсоль» трапіла пад польскія санкцыі

Польшча дадала ў санкцыйны спіс прадпрыемства «Мазырсоль». Поўны спіс апублікаваны на сайце Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. У абгрунтаванні гаворыцца, што прадпрыемства звязана з Алегам Эйбатавым і Генадзем Багданам, унесенымі ў санкцыйны спіс Еўразвязу.

«Прымяненне абмежавальных мер да ААТ «Мазырсоль» знізіць экспартныя магчымасці кампаніі і, такім чынам, паўплывае на аб’ём сродкаў, якія паступаюць у бюджэт Беларусі, а таксама на даходы фізічных і юрыдычных асоб, якія падтрымліваюць расейскую агрэсію і сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ці рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі», – гаворыцца ў абгрунтаванні. Санкцыі прадугледжваюць замарозку сродкаў, забарону на прамое або ўскоснае прадастаўленне сродкаў, выключэнне з працэдур дзяржаўных закупак або конкурсных працэдур, піша reform.news.

Літоўскія мытнікі ўзмацнілі кантроль на мяжы з Беларуссю

Гэта звязана з абмежаваннямі на імпарт беларускай прадукцыі, якія набылі моц на выходных.

Тыя, хто праходзіў мяжу ўначы на трэцяга чэрвеня, распавядаюць, што мытнікі прымушаюць выкінуць нават цукеркі, набытыя ў падарунак, а алкаголь — нават набыты ў duty free перад мяжой — тут жа выліваюць у каналізацыю. Пакінуць могуць бутэльку з вадой і пачаты пачак цыгарэт, піша «Еўрарадыё». Ад “узмоцненага кантролю” могуць выратаваць квіткі на самалёт. Бо беларуская прадукцыя ў багажы хаця і трапляе на тэрыторыю Літвы, але ненадоўга, бо адразу ляціць далей.

На Падляшшы становіцца ўсё менш агратурыстычных месцаў

Цягам года ў Падляшскім ваяводстве закрылі кожную чацвёртую агратурыстычную гаспадарку. Пра гэта сведчаць дадзеныя Статыстычнага ўпраўлення ў Беластоку, апублікаваныя ў дакладзе «Турызм у Падляшскім ваяводстве ў 2023 годзе». Агулам за год зніклі 13 агратурыстычных аб’ектаў.

Летась часцей за ўсё Падляшша наведвалі самі палякі, а таксама суседзі, пабольшала турыстаў з Фінляндыі, Нідэрландаў, Швецыі і Вялікабрытаніі. З па-за Еўропы рэгіён найчасцей наведваюць амерыканцы, удвая павялічылася колькасць гасцей з Аўстраліі, утрая – з Кітая.

Беларусам стане лягчэй шукаць працу ў Нямеччыне

З 1 чэрвеня ў Нямеччыне пачала дзейнічаць новая візавая схема для кваліфікаваных працаўнікоў, якія прыехалі ў краіну з па-за межаў Еўразвязу. Гэтае новаўвядзенне дазваляе цягам года легальна заставацца ў краіне і працаваць. Праўда, трэба адпавядаць некаторым крытэрыям. Гэтае новаўвядзенне датычыць і беларусаў, прыкмеціла выданне «Зеркало».

Пад новую схему падпадаюць асобы, якія маюць мінімум двухгадовую прафесійную адукацыю або ўніверсітэцкі дыплом, прызнаны краінай, у якой быў атрыманы. Яшчэ адным патрабаваннем ёсць валоданне нямецкай або англійскай мовамі. Асобы, якія маюць намер выкарыстоўваць такую схему, будуць атрымліваць так званую карту магчымасцяў, якая дасць ім права ўехаць у Нямеччыну і шукаць працу цягам аднаго года. Права атрымаць візу будзе вызначацца на падставе некалькіх пунктаў: веданне мовы, прафесійны досвед, узрост і сувязі з Нямеччынай.

Адзначаецца, што новая схема – гэта толькі частка вялікага пакету законаў па барацьбе з недахопам працоўнай сілы ў Нямеччыне.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: mozyrsalt_jsc / Instagram.