Сумесна займацца будаўніцтвам порта ў Мазамбіку прапанаваў Аляксандр Лукашэнка прадстаўніцы заходняга суседа гэтай афрыканскай краіны — старшыні Сената Зімбабвэ Мейбл Мемары Чынамоне. Лукашэнка заявіў, што Беларусі “вельмі патрэбны пункт апоры на ўзбярэжжы Афрыканскага кантынента — на паўднёвым усходзе”.

План наступны – пабудаваць порт у Мазамбіку, аднавіць чыгуначныя зносіны праз Мазамбік у Зімбабвэ, дзе на поўдні Афрыкі паўстане хаб для тавараў з Беларусі і Расеі. Дададзім, што Лукашэнка і прэзідэнт Зімбабвэ Аксілія Мнангагва ў апошнія гады актывізавалі кантакты.
Пачалі маштабную праверку маршрутных таксі
У Беларусі дарожная аўтамабільная інспекцыя пачала маштабную праверку маршрутных таксі. Інспектары маюць звяртаць увагу на тэхнічны стан транспарту: правераць спраўнасць аўтамабіляў і наяўнасць зімовых шын. Асобны акцэнт робіцца на выкананні кіроўцамі Правіл дарожнага руху.
Таксама пад асаблівы кантроль трапіць выкананне правіл перавозкі пасажыраў — у тым ліку наяўнасць і выкарыстанне рамянёў бяспекі. Для большай эфектыўнасці праверак плануецца выкарыстанне камер Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, паведамляецца афіцыйна, піша “Наша Ніва”.
Расея ўвядзе пастаянны мытны кантроль на мяжы з Беларуссю
Расея ўвядзе пастаянны мытны кантроль на мяжы з Беларуссю і Казахстанам. Пра гэтыя меры заявіў расейскі віцэ-прэм’ер Аляксей Авярчук, які адзначыў, што ў Расеі існуе адкрытая мытная мяжа з партнёрамі па Еўразійскім эканамічным саюзе. “І на наш рынак трапляюць тавары, якія ствараюць нядобрасумленную канкурэнцыю нашаму ўнутранаму рынку. І тут мы настроеныя на вельмі жорсткія меры для таго, каб спыняць гэтую нядобрасумленную практыку”, — паведаміў чыноўнік.
Як прыгадвае “Еўрарадыё”, 16 лютага Беларусь выйшла з пратакола аб узаемадзеянні мытных органаў краін СНД, падпісанага ў 2012 годзе. Прычыны афіцыйна не тлумачыліся.
Як на сёння выглядае сярэдні заробак у Польшчы
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне паведаміла, што сярэдні заробак брута ў студзені склаў 9 тысяч злотых. Гэта рост на 6% у гадавым вымярэнні. Гаворка ідзе пра заробкі ў сектары прадпрыемстваў, то бок фірм, у якіх працуюць як мінімум дзесяць чалавек. Такія фірмы ахопліваюць каля 40% усіх асоб, якія працуюць у польскай гаспадарцы.
Прыгадаем, што ад студзеня мінімальны заробак у Польшчы вырас на 3% і складае цяпер 4 806 злотых брута, што дае “на рукі” 3 605 злотых. Для асоб, якія не маюць 26 гадоў, гэтая сума складае 3 773 злотых.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: irff.undp.org (Мазамбік).






