Праз два гады Менск плануе перасягнуць страчаны транзіт праз балтыйскія і ўкраінскія парты. У 2026 годзе аб’ём транзіту Беларусі сваіх тавараў праз парты Расеі складзе 20 млн. тон. Да ўвядзення санкцый праз парты краін Балтыі і Украіны максімальна перапраўлялася 18,8 млн тон, піша «Беларусы і рынак» са спасылкай на «Расійскую газету».
Адзначаецца, што агульны аб’ём перавалкі беларускіх грузаў праз расейскую марскую партовую інфраструктуру як на Балтыцы, так і ў іншых рэгіёнах летась дасягнуў 14,1 млн тон. Былі задзейнічаны магутнасці 19 партоў. З усяго аб’ёму перавалкі 6,5 млн тон склалі нафтапрадукты, і гэта на тры чвэрці больш за паказчыкі папярэдняга года.
Са Смаленска цягнікі паедуць у Оршу і Віцебск
Адкрыццё новых чыгуначных напрамкаў паміж Расеяй і Беларуссю ў бягучым годзе анансаваў расейскі пасол у Менску Барыс Грызлоў.
“Нашы краіны рэалізуюць шэраг перспектыўных праектаў, многія з якіх звязаныя з транспартам і лагістыкай, — цытуе дыпламата сайт расійскай амбасады. — На днях быў запушчаны цягнік паміж Псковам і Беларуссю. Цяпер мы працуем над тым, каб наладзіць чыгуначныя зносіны Смаленск — Орша і Смаленск — Віцебск. Гэта таксама будзе рэалізавана сёлета”. “Яшчэ адзін цікавы праект — высакахуткасная чыгуначная магістраль Масква — Менск. Цягнік будзе дасягаць сталіц краін на працягу прыкладна трох гадзін. Гэты перспектыўны напрамак таксама будзе рэалізаваны”, — дадаў Грызлоў.
Пасля трох месяцаў стабільнасці ў Беларусі вырасла гадавая інфляцыя
З лютага па красавік гадавая інфляцыя ў Беларусі складала 5,6%, але ў траўні яна дадала 0,1%, вынікае са звестак Нацстата. У параўнанні са снежнем мінулага года цэны выраслі на 2,8%.
Калі казаць у гадавым вымярэнні, то за год харчовыя тавары выраслі на 6,2%, пры гэтым найбольш выраслі ў цане куры і кандытарскія вырабы. Нехарчовыя тавары за год падаражалі на 4,1%, лідыруюць па росце цэн друкаваныя выданні. Што тычыцца паслуг, то яны дадалі ў цане 6,9%, пры гэтым найбольш падаражалі паслугі чыгуначнага транспарту, піша Office Life.
Вынікі выбараў у Еўрапарламент паўплывалі на асноўныя валюты
Паводле вынікаў выбараў у Еўрапейскі парламент, найвялікшай палітычнай сілай у новай кадэнцыі будзе Еўрапейская народная партыя, але ў Францыі выбары давялі да роспуску французскага парламента, у Польшчы ўпершыню за 10 гадоў перамагла палітычная сіла Дональда Туска.
Фінансавы рынак рэагуе на агучаныя вынікі. У панядзелак ад раніцы еўра аслабеў да даляра, а даляр у сваю чаргу вярнуўся да ранейшага роўню, які перавышае чатыры польскія злотыя. Яшчэ ў пятніцу за адзін даляр было 3,93 злотыя. Паводле экспертаў, еўра і даляр – на самых моцных пазіцыях за апошнія месяцы, а злоты наадварот крыху страціў, хоць мяркуецца, што часова.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.