BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менск і Масква, здаецца, дамовіліся па нафце і нафтапрадуктах

Урады Беларусі і Расеі маюць намер прадоўжыць тэрмін дзеяння пагаднення, якое датычыцца нафты і нафтапрадуктаў. Адпаведнае распараджэнне зацвердзіў прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін. Ці ўхвалена дамова беларускім бокам, афіцыйны Менск пакуль не паведамляў, піша news.zerkalo.io.

Размова ідзе аб прадаўжэнні тэрміну дзеяння Пагаднення, падпісанага яшчэ ў 2017 годзе, тэрмін дзеяння якога заканчваўся ў гэтым годзе. У пагадненні прапісаны аб’ёмы расейскай сырой нафты пад пастаўкі ў Беларусь з 2017-га па 2024 год – 24 млн тон штогод трубаправодным транспартам. У падпісаным Міхаілам Мішусціным дакуменце ўказана, што тэрмін дзеяння пагаднення прадаўжаецца да 31 снежня 2026 года. Пасля гэтай даты дзеянне дакумента будзе аўтаматычна падаўжацца “на наступныя гадавыя перыяды”.

З 1 студзеня 2025 году павялічыцца базавая велічыня

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, якой устаноўлены новы памер базавай велічыні. Згодна з дакументам, з 1 студзеня 2025 года памер базавай велічыні складзе 42 рублі. Гэта на 2 рублі больш, чым цяпер.

Базавая велічыня наўпрост уплывае на аб’ёмы шэрагу дапамог, стыпендый, падаткаў і збораў, штрафаў і іншых выплат.

Беларусь – у лідарах па куплі расейскага воцату

Сёлета ў Расеі пабілі гістарычны рэкорд па экспарце воцату, піша «Інтэрфакс». За 10 месяцаў года Расея паставіла на іншыя рынкі больш за 5,5 тысяч тон воцату. Для параўнання: за ўвесь мінулы год было каля 4,3 тысяч тон. Пры гэтым асноўны пакупнік расейскага воцату – Беларусь. Краіна закупляе 41% ад аб’ёму паставак. На другім месцы ідзе Казахстан, на трэцім – Узбекістан.

Польшча вырабляе менш пітнога малака, але агулам усё добра

На 58 тысяч тон менш пітнога малака было выраблена ў Польшчы ў мінулым годзе. Ніводная іншая краіна Еўразвяза не зафіксавала такога вялікага падзення. Але замест пітнога малака польскія вытворцы вырабляюць нашмат больш высокаапрацаваных прадуктаў. Так, гамагенізаванае малако, якое мае вялікі тэрмін прыдатнасці, сёлета заваёўвае экзатычныя рынкі – Паўднёвую Карэю, В’етнам і Алжыр, а польскія каровы амаль такія ж прадуктыўныя, як і швейцарскія.

Еўрастат нядаўна падрыхтаваў спецыяльную справаздачу аб малочнай прамысловасці ў Еўразвязе. На першы погляд, аналіз дадзеных можа выклікаць занепакоенасць у кантэксце Польшчы. Так, на 57,9 тысяч тон у мінулым годзе зменшылася вытворчасць пітнога малака, гэта падзенне амаль на 3 працэнты. Але прадукцыя малака агулам наадварот расце. На сёння Польшча займае па гэтай пазіцыі пятае месца ў ЕЗ пасля Германіі, Іспаніі, Францыі ды Італіі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: steklopribor.com