BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менск пашырыў пералік тавараў забароненых для ўвозу

Урад пашырыў забарону на ўвоз і продаж у Беларусі тавараў з «недружалюбных краін». Ва ўрадзе назвалі рашэнне мерамі ў адказ на абмежаванні, уведзеныя ў дачыненні да беларускай прадукцыі, і гэтым разам паставілі па-за законам увоз некаторых тавараў з Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Такім чынам ранейшая пастанова Савета міністраў ад 2021 года  дапоўненая шырокім пералікам прадукцыі. У прыватнасці, пад забарону трапілі: піва і зброджаныя напоі, сродкі для догляду за скурай, дэзадаранты, мыла і ачышчальныя сродкі, дываны для падлог, галаўныя ўборы, пасцельныя прыналежнасці ды іншыя тавары. Гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на ўвоз прадукцыі грамадзянамі для асабістага карыстання.

Новыя дадзеныя пра заробкі ў Польшчы

Сярэднямесячны заробак у прадпрымальніцкім сектары ў красавіку гэтага года склаў 8271,99 злотых брута – паведамляе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне. Гэта азначае, што рост намінальнай заработнай платы склаў 11,3 працэнта год да года. Месяц таму тэмпы росту дасягалі 12,5%.

Гэтыя дадзеныя пракаментавалі эксперты. Аналітыкі Pekao падкрэсліваюць, што пакуль рана гаварыць пра змену тэндэнцыі, але, магчыма, мы бачым яе першыя прыкметы і ўбачым адназначны рост заробкаў восенню. Але эксперты PKO Research, у сваю чаргу, пішуць, што тэндэнцыя росту заробкаў запаволіцца і, гледзячы па іх структуры, гэта звязана, у тым ліку, з адсутнасцю або меншым памерам дадатковых выплат/бонусаў, якія мелі месца ў многіх галінах прамысловасці ў мінулым годзе.

Першы “беларуска-расейскі самалёт” збіраюцца выпусціць у 2026 годзе

Пра гэта распавёў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык. Міжурадавае пагадненне аб распрацоўцы і вытворчасці двухрухавіковага лёгкага шматмэтавага самалёта “Асвей” было падпісана ў красавіку сёлета. Вырабляць яго збіраюцца ў Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе. “Задача стаіць, каб у 2026 годзе ў нас першы вопытны ўзор, распрацаваны сумесна з нашымі расійскімі партнёрамі, быў выраблены”, — кажа Пархомчык. А пакуль ідзе яго распрацоўка.

Плануецца, што будзе выраблена 180 самалётаў “Асвей”. РФ замовіла Беларусі 50% з іх. Каб іх вырабіць, спатрэбіцца некалькі гадоў. Самалёт невялікі, 19-мясцовы, адзначыў намеснік прэм’ера.

Украіна зможа атрымліваць даходы ад замарожаных расейскіх актываў

Украіна можа атрымаць першыя выплаты даходаў ад замарожаных на Захадзе расейскіх актываў у ліпені гэтага года.

Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны заходнія краіны забаранілі любыя аперацыі, звязаныя з актывамі і рэзервамі Цэнтральнага банку Расеі. «У выніку 260 млрд еўраў актываў Цэнтральнага банку Расеі ва ўсім свеце сталі імабілізаванымі, прычым больш за дзве траціны з іх размешчаныя ў ЕЗ (каля 210 млрд еўраў). У залежнасці ад працэнтных ставак, даходы ад гэтых імабілізаваных актываў могуць прыносіць Украіне каля 2,5-3 млрд еўраў на год», – адзначае прэс-служба Еўрапейскай камісіі.

З пастановы Еўрапейскай камісіі вынікае, што Украіна будзе атрымліваць даходы ад замарожаных актываў, а не самі заблакаваныя сродкі. 90 % будзе паступаць у Еўрапейскі фонд міру, з якога фінансуецца абаронная дапамога Украіне, а 10% пойдзе на фінансаванне бюджэтных праграмаў ЕЗ. Размеркаванне плануецца пераглядаць штогод

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: world-nan.kz