BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менск увайшоў у топ-10 сусветных сталіц казіно

Сталіца Беларусі апынулася ў топ-10 гарадоў свету ў сферы ігральных устаноў адразу па трох пунктах. Пра гэта піша Tochka са спасылкай на партал OLBG.

У прыватнасці, Менск заняў 8-е месца па агульнай колькасці казіно. Усяго ў сталіцы Беларусі іх налічваецца 24. Гэта больш, чым, напрыклад, у Капенгагене, Маямі і Дубліне. Першая пазіцыя ў гэтым рэйтынгу, зразумела, у Лас-Вегаса, другое і трэцяе месцы ў топе дасталіся Бухарэсту і Макао.

Акрамя гэтага, Менск заняў 10-е месца па колькасці ігральных устаноў на 100 тысяч жыхароў, стаў трэцім горадам у свеце па даступнасці ігральнага турызму.

Рост ВУП у лістападзе склаў 1,3 працэнта

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені—лістападзе склаў 258 мільярдаў рублёў. Ён вырас на 1,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Тэмпы росту ВУП працягнулі запавольвацца. Па выніках дзевяці месяцаў яны складалі 1,6%, а па выніках 10 месяцаў — 1,5%. Нагадаем, што прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця на гэты год прадугледжваецца павелічэнне валавога ўнутранага прадукту на 4,1%.

Еўропа не будзе адмаўляцца ад рухавікоў унутранага згарання?

Еўрапейская камісія адклікае свой план поўнай забароны продажу новых аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання ў Еўрапейскім звязе да 2035 года. Замест гэтага яна прапанавала абавязаць вытворцаў аўтамабіляў скараціць выкіды CO2 на 90% у параўнанні з цяперашнім узроўнем. Новая прапанова прадугледжвае, што астатнія 10% выкідаў павінны быць нейтралізаваны з дапамогай такіх рашэнняў, як нізкавугляродзістая сталь, вырабленая ў ЕС, е-паліва або біяпаліва.

Аднак новыя правілы павінны быць яшчэ зацверджаны дзяржавамі-чальцамі, Радай ЕЗ і Еўрапейскім парламентам

Цэны на срэбра паставілі новы гістарычны рэкорд

Кошт срэбра абнавіў гістарычны максімум, перавысіўшы $66 за тройскую унцыю. Ф’ючарсы на срэбра з пастаўкай у сакавіку на біржы Comex падаражэлі на 4,65%, а іх кошт на піку падняўся да $66,27 за унцыю.

З пачатку года цэны на срэбра выраслі больш як на 126%. Гэтаму спрыялі павелічэнне попыту на гэты метал у прамысловасці, скарачэнне яго запасаў і прызнанне срэбра крытычна важным у ЗША.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: zabava.by.