Аналітычная платформа Numbeo абнавіла рэйтынг гарадоў свету па кошце пражывання. Менск у глабальным спісе аказаўся на 334-й пазіцыі з 362 гарадоў. Акрамя таго, эксперты назвалі самыя дарагія і танныя для пражывання гарады Еўропы.

Расейская Пермь і беларуская сталіца ўзначальваюць рэйтынг самых танных гарадоў: індэкс кошту жыцця ў іх аказаўся аднолькавым – 27,9. Працягваюць спіс самых танных гарады Украіны і Расеі. У першай дзясятцы, да прыкладу, адзначыліся Львоў, Растоў-на-Доне і Уфа.
Самымі дарагімі гарадамі Еўропы ў бягучым годзе прызнаны швейцарскія Цюрых, Базель, Лазана, Жэнева і Берн.
У топ-10 таксама ўвайшлі: ісландскі Рэйк’явік, нарвежскія Тронхэйм, Берген і Ставангер, а таксама Лондан. Дарэчы, у Лондане самыя дарагая арэндная плата, а прадукты харчаванне самыя дарагія ў Базелі і Цюрыху, паведамляе myfin.by.
Хто і чаму прыпыніў праграму Poland. Business Harbour
Міністэрства замежных спраў Польшчы патлумачыла, чаму з 26 студзеня спыніла выдачу віз Poland. Business Harbour (PBH). Рашэнне прыняў міністр Радаслаў Сікорскі. Дыпламатычнае ведамства заявіла, што праграма не будзе адноўлена “да таго часу, пакуль не будуць прыняты рашэнні па забеспячэнні належнай праверкі кампаній ды іншаземцаў, якія з’яўляюцца яе бенефіцыярамі”.
Паводле ацэнкі польскага МЗС, частка віз, выданых у рамках гэтай праграмы, выкарыстоўвалася не па прызначэнні. Адначасна іншаземцы, у тым ліку беларусы, якія прэтэндуюць на працу ў IT-сектары ў Польшчы, па-ранейшаму могуць падаваць заявы на атрыманне візы на агульных падставах.
Праграма Poland. Business Harbour была створана ў 2020 годзе для грамадзян Беларусі – айцішнікаў і іх сем’яў, якім давала шэраг ільгот. Праз год яе дзеянне было пашырана на грамадзян Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі, Расеі і іншых краін – усяго іх 44.
Канкурэнцыя за працоўныя месцы ў Еўропе падвоілася
Рынак працы ў Еўропе імкліва мяняецца: за апошні год канкурэнцыя за працоўныя месцы падвоілася, з’явіліся новыя пазіцыі, якіх 20 гадоў таму ўвогуле не было. Пра гэта, абапіраючыся на даследаванні LinkedIn, паведамляе выданне “Беларусы і рынак”.
Да прыкладу, у 2022 годзе ў Вялікабрытаніі і Францыі на кожныя дзве асобы, якія шукаюць працу, на LinkedIn прыходзілася адна вакансія. Сёння ж – адно месца на кожныя чатыры асобы. 37% еўрапейскіх спецыялістаў адзначаюць, што шукаюць лепшага заробку, яшчэ 19% рэспандэнтаў мараць знайсці больш цікавую магчымасць для развіцця кар’еры.
Калі казаць пра тое, якіх спецыялістаў будуць шукаць бліжэйшым часам, то найперш пашыраецца попыт на кампетэнцыі, звязаныя са штучным інтэлектам, устойлівым развіццём і кібербяспекай. Да ліку самых запатрабаваных пасад адносяцца менеджар па ўстойлівым развіцці, інжынер па штучным інтэлекце і аналітык па кібербяспецы.
Еўрапейскія фермеры аб’ядноўваюць намаганні. Пратэсты “ад Ірландыі да Польшчы”
У Бруселі адбылася сустрэча прадстаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый Францыі, Нідэрландаў, Бельгіі і Ірландыі, якія стаяць за дэманстрацыямі супраць сельскагаспадарчай палітыкі сваіх урадаў і Еўразвязу. Мэта сустрэчы – наладзіць супрацоўніцтва і – нягледзячы на розніцу ў інтарэсах – каардынаваць дзейнасць. “Зялёны курс азначае канец сельскай гаспадарцы ў Еўропе. Мы пачалі міжнародны рух супраць гэтага ад Ірландыі да Польшчы”, – кажуць арганізатары.
Дарэчы, у сераду на гэтым тыдні перад будынкам Еўрапейскага парламента каля сотні фермераў з Францыі, Нідэрландаў і Фландрыі разам з палітыкамі выйшлі на пратэст.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Shutterstock.