BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менскі “Атлант” таксама сыходзіць у прастой

Менскі завод бытавой тэхнікі “Атлант” з 28 красавіка па 12 траўня сыходзіць у вытворчы прастой.

Раней паведамлялася, што сыходзіць у прастой да 12 траўня і скарачае штат завод “Акумулятарны Альянс”. З чым звязаная неабходнасць прастою і колькі супрацоўнікаў скароцяць, у кампаніі не патлумачылі. Пра фінансавыя праблемы прадпрыемстваў Гомельшчыны інфармавала выданне “Флагшток”. Так, на заводзе “Станкагомель” заробкі ўпалі, а супрацоўнікаў адпраўляюць у адпачынак за свой кошт. 

На Заводзе ліцця і нармалей (“ЗЛіН”), які ўваходзіць у склад вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш”, давялося браць крэдыт у банку, каб выплаціць рабочым заробкі ў пачатку года. Затрымкі з заробкамі былі і на “Беларускім металургічным заводзе”, прыгадвае “Еўрарадыё”.

Апублікаваны новы топ-100 самых паспяховых бізнесменаў Беларусі

Выданне «Беларусы і рынак» апублікавала рэйтынг паспяховых бізнесменаў Беларусі за 2025 год. Аляксандр Луцэнка, які прадстаўляе групу кампаній «Садружнасць», другі год запар узначаліў рэйтынг. Аляксандр Машэнскі, кіраўнік «Санта Імпэкс», на другім месцы. Трэці — Мікалай Варабей, які ўзначальвае «Брэміна Груп».

У першай дзясятцы ў параўнанні з папярэдняй версіяй рэйтынгу з’явілася чатыры новыя асобы. Імі сталі рэтэйлеры Уладзімір Васілька і Сяргей Літвін. Рознічная сетка, якая ім належыць, на чале з «Еўраопт» — па-ранейшаму лідар у сваім сегменце на беларускім рынку і ўваходзіць у топ-25 найбуйнейшых бізнесаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

У першую дзясятку прабіліся таксама Іван Монцік і Дзмітрый Яйкаў — саўладальнікі гульнявой імперыі SoftSwiss.

За год беларусы набылі ў Польшчы тры тысячы кватэр

У 2024 годзе грамадзяне Беларусі набылі ў Польшчы каля трох тысяч кватэр агульнай плошчай амаль 180 тысяч квадратных метраў. Гэта на 60% больш, чым у 2023 годзе, піша Most cа спасылкай на Propertynews.pl.

Усяго летась іншаземцы набылі ў Польшчы 17 330 кватэр, або на 21% больш, чым годам раней. Больш за палову набылі ўкраінцы — каля 9 тысяч — гэта на чвэрць больш, чым у 2023 годзе. Беларусы — на другім месцы.

Найчасцей іншаземцы набывалі кватэры ў Варшаве. На другім месцы знаходзіцца Кракаў, далей ідуць Вроцлаў, Лодзь, Познань, Гданьск, Гожув-Велькапольскі і Шчэцін.

ЕЗ на 90 дзён прыпыняе дзеянне тарыфаў у дачыненні да ЗША

Еўрапейскія ўлады далі люстраны адказ ЗША, якія на 90 дзён замарозілі ўвядзенне тарыфаў у адносінах да ўсіх краін, акрамя Кітая.  Пра замарозку еўрапейскіх тарыфаў паведаміла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен:

– Мы прынялі да ведама заяву прэзідэнта Трампа. Мы хочам даць перамовам шанец. Калі перамовы не будуць здавальняючымі, нашы контрмеры пачнуць дзейнічаць.

Раней Урсула фон дэр Ляен заяўляла, што «Еўропа гатовая адказаць» на абвешчаную Трампам гандлёвую вайну. 9 красавіка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прыпыняе тарыфы на 90 дзён супраць іншых краін і падымае стаўкі ў гандлёвай вайне з Кітаем — цяпер мыты супраць ягонай прадукцыі будуць складаць ужо не 104, а 125%.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Аляксандра Побата (1prof.by)