BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мільярды еўра для Польшчы

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвясціў, што больш за 22 мільярды злотых будуць пералічаныя Польшчы як перадаплата ў рамках праграмы Еўразвязу REPowerEU. Аднак значна больш важная дэкларацыя — падача заяўкі на яшчэ 30 мільярдаў злотых у рамках першага траншу з Праграмы адбудовы. Ранейшы ўрад Матэвуша Маравецкага не мог атрымаць гэтыя грошы, таму што Брусель быў супраць уведзеных кіроўнай тады партыяй ПіС зменаў, датычных судовага заканадаўства.

Дональд Туск. Фота: Omar Havana / AP Photo

Агулам Польшча атрымае 59,8 мільярдаў еўра. Гэтыя грошы не можна выдаткоўваюць на любыя мэты. Гэта сродкі, якія маюць пайсці на рэалізацыю пяці кампанентаў Плану адбудовы, сярод якіх: устойлівасць і канкурэнтаздольнасць эканомікі, зялёная энергетыка і зніжэнне энергаёмістасці, лічбавая трансфармацыя, даступнасць і якасць аховы здароўя, зялёная і разумная мабільнасць.

Пуцін просіць яйкі, Беларусь абяцае дапамагчы

Сярод галоўных тэм тыдня нельга абмінуць праблему з яйкамі, якая паўстала ў Расеі, і ў выніку якой і ў Беларусі цэны на яйкі пайшлі ўгару. Падчас прамой лініі, якая праходзіла 14 снежня, ва Уладзіміра Пуціна спыталі пра дэфіцыт яек у продажы і рост цэн на іх. За два месяцы яйкі ў Расеі падаражэлі на 30%. Пуцін адзначыў, што Беларусь прапанавала дапамагчы з яйкамі.

Калі ж глянуць на цэны на яйкі ў суседніх краінах, то сітуацыя выглядае наступным чынам. У Беларусі цэны на яйкі пачынаюцца з 2 рублёў 75 капеек. Самыя дарагія каштуюць каля 4,5 рублёў. Дзясятак курыных яек у Расеі каштуе 116 расейскіх рублёў, гэта 4 рублі 20 капеек беларускіх, то бок танней. У Польшчы цэны на дзясятак курыных яек пачынаюцца з 8 злотых (каля 6,4 рубля). У Літве дзясятак яек каштуе каля 6 беларускіх рублёў у эквіваленце, у Латвіі – больш за 5,5 рублёў.

У Беларусі пабудуць два новыя заводы

Па-першае БелАЗ пабудуе ў Оршы новы завод коштам амаль 200 мільёнаў рублёў. Гэта дазволіць ужо ў 2025 годзе вырабляць сталёвыя нарыхтоўкі для падшыпнікаў, шасцерняў і іншай прадукцыі дыяметрам да 3 метраў і масай да 3 тон, паведамляе прэс-служба прадпрыемства. Сёння такая прадукцыя ў краіне не выпускаецца, то бок гэта імпартазамяшчальны праект. Увод завода дасць магчымасць забяспечыць нарыхтоўкамі вытворчасць буйнатанажных самазвалаў. А акрамя таго, іх можна будзе пастаўляць на экспарт у тую ж Расею.

Па-другое, у Беларусі плануюць будаваць завод па вытворчасці звадкаванага прыроднага газу – праект будзе рэалізоўвацца пры ўдзеле расейскай дзяржкарпарацыі “Газпром”. Аб гэтым заявіў кіраўнік Мінэнерга Віктар Каранкевіч. Прадпрыемства размесцяць на тэрыторыі кітайска-беларускага індустрыяльнага цэнтра “Вялікі камень”.

Германія будзе канфіскаваць калядныя падарункі з Расеі

Нямецкая мытня папярэджвае, што зараз будзе канфіскоўваць калядныя і іншыя падарункі, якія перасылаюцца з Расеі. Пра гэта паведамляе сайт ведамства, звяртае ўвагу Office Life.

Забарона на ўвоз датычыцца тавараў, якія звычайна ўваходзяць у склад падарункавых пасылак. Трапілі пад абмежаванні і камяні, каштоўныя металы (золата), цыгарэты, пластмаса і хімічная прадукцыя, у тым ліку касметыка. Пры гэтым нямецкая мытня падкрэслівае, што не з’яўляюцца выключэннем і падарункавыя адпраўленні з Расеі не дойдуць да атрымальніка і ў іншых краінах Еўразвязу.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя