BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мінэканомікі хваліцца інвестыцыйнымі праектамі ў рэгіёнах

У Міністэрстве эканомікі Беларусі назвалі самыя паспяховыя інвестыцыйныя праекты, пачатыя ў рэгіёнах.

Паводле прадстаўніка ведамства Дзмітрыя Клімянкова, самыя буйныя інвестпраекты запусцілі «Омск Карбон Магілёў», які зоймецца вытворчасцю тэхнічнага вугляроду, мэблевая фабрыка «Ольса», якая пашырае магутнасці і займаецца лічбавізацыяй вытворчасці, а таксама Слуцкі сыраробны камбінат, Віцебская бройлерная фабрыка і некаторыя іншыя прадпрыемствы. Калі глядзець па галінах, то найбольш актыўна ідуць інвестыцыі ў дрэваапрацоўку, металургію, вытворчасць машын і абсталявання, перапрацоўку сельгаспрадукцыі, выпуск медвырабаў і фармацэўтыку.

Гаворка ідзе пра праграму «Адзін раён – адзін праект», у межах якой ужо ажыццявілі 34 інвестыцыйныя праекты, створана дзве тысячы з дзевяці тысячы запланаваных працоўных месцаў, піша Office Life.

Беларускія спецыялісты бяруць удзел у будаўніцтве венгерскай АЭС

Беларускія спецыялісты ўжо не адзін год удзельнічаюць у рэалізацыі праекта “Пакш-2” па будаўніцтве АЭС у Венгрыі, заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу АНТ пасол Беларусі ў Будапешце Уладзімір Улаховіч. На думку Улаховіча, Беларусь і Венгрыя могуць супрацоўнічаць у галінах, якія не закранутыя абмежаваннямі або санкцыямі, напрыклад у аграрным сектары. Многія венгерскія кампаніі ўжо каля 20 гадоў працуюць у Беларусі, сказаў ён. На парадку двухбаковага супрацоўніцтва, адзначыў дыпламат, застаюцца “пытанні, звязаныя і з прамысловасцю, і з IT-сферай”.

Венгрыя застаецца адзінай краінай Еўразвязу, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Менскам. Як сябра ЕЗ яна была вымушаная далучыцца да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі венгерскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзенне. (паводле «Позірк»)

«Рашэнне сысці з Расеі было вельмі складаным»

Выданне Rzeczpospolita паразмаўляла з Марэкам Пяхоцкім, заснавальнікам і дырэктарам польскай кампаніі LPP, якой належаць крамы Reserved, House, Cropp, Mohito і Sinsay. Размова ішла, між іншым, пра адмову ад бізнесу ў Расеі. «Рашэнне сысці было для нас самым цяжкім рашэннем. З сённяшняй перспектывы гэта выглядае значна прасцей. Аднак 24 лютага, калі пачалася вайна, з аднаго боку, у нас быў вялікі прэсінг, каб як мага хутчэй сысці з Расеі. Гэтага чакалі і кліенты, і грамадства. З іншага боку, мы разумелі, што ёсць і адваротны бок медаля – бок бізнесу. Мы адказваем за капітал, давераны нам акцыянерамі», – кажа суразмоўца. І дадае, што з перспектывы звыш двух гадоў, якія пайшлі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, ён разумее, што нельга было прыняць іншага, лепшага рашэння.

У Расеі не засталося крам ЛПП, кампанія захавала імідж. Акрамя таго, ужо ўдалося вярнуць 700 мільёнаў злотых з двух мільярдаў злотых інвестыцый.

Грузія змяняе правілы ўезду для турыстаў

З 1 чэрвеня ў Грузіі ўступаюць у сілу папраўкі ў закон “Аб турызме і курортах”, у адпаведнасці з якімі ўсе іншаземцы, якія заязджаюць у краіну, павінны мець на руках медыцынскія страхоўкі з пэўным пакрыццём. У адваротным выпадку ім пагражае штраф больш за 100 даляраў. Па новых правілах медстрахоўка для ўезду ў Грузію павінна пакрываць мінімум 5 тысяч даляраў экстраных амбулаторных паслуг і не менш як 30 тысяч даляраў — на лячэнне ў стацыянары. Поліс можа быць на любой з трох моў: рускай, англійскай ці грузінскай, піша Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц