На беларускім рынку працы больш за 200 тысяч вакансій, адбываецца іх планамерны рост, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Паводле яе слоў, гэты працэс перш за ўсё абумоўлены змяненнем заканадаўства: закон аб занятасці прадугледжвае абавязковае размяшчэнне кожнай вакансіі на сайце Агульнарэспубліканскага банка вакансій. Гэта дазваляе ацаніць рынак працы, лічыць чыноўніца.
Міністр падкрэсліла, што колькасць занятых у эканоміцы расце пяты месяц, з кастрычніка 2024 года іх стала больш на 37,5 тысяч — сярод іншага за кошт вяртання пенсіянераў, якіх сярод працуючых цяпер 110 тысяч.
Беларусь летась стала галоўным пастаўшчыком бульбы ў Расею
Летась больш за ўсё бульбы Расея купіла ў Беларусі, якая адваявала першае месца ў Егіпта. Аб’ёмы расейскага імпарту склалі 193,8 тысячы тон. Егіпет, які апусціўся за год на другое месца, паставіў 75,3 тысячы тон бульбы на 47,9 мільёна даляраў. Замкнуў тройку Кітай, які падняўся на два радкі — 46,7 тысячы тон на 17,3 мільёна даляраў. Пры гэтым Кітай упершыню з 2019 года зноў змог увайсці ў тройку галоўных пастаўшчыкоў бульбы ў Расею.
У Менску кабачкі прадаюць у паўтара разу даражэй за ананасы
Летам у сезон кабачкі дарам ніхто браць не жадае. У Менску знайшліся кабачкі, якія прадаюцца ў паўтара разу даражэй за ананасы. На дзіўныя цэны звярнулі ўвагу пакупнікі ў адной са сталічных крам. Там кілаграм кабачкоў каштуе 17,99 рублёў, тады як побач ляжыць ананас па 10,89 рубля за кілаграм.
У каментарыях да відэа пішуць, што кабачок усё ж можна знайсці ў Менску і па 10 рублёў. Раней у інтэрнэце расказвалі пра беларускую бульбу, якую ў Магілёве прадавалі даражэй за іранскія кавуны.
Іншаземцы купляюць у Польшчы ўсё больш кватэр
У мінулым годзе была заключана рэкордная колькасць такіх здзелак – 17 330. Годам раней іх было больш за 14 тысяч, паведамляе Rzeczpospolita. Замежнікі найбольш ахвотна куплялі кватэры ў буйных гарадах Польшчы, такіх як Варшава (3 535), Кракаў (1 523) і Вроцлаў (1 491). У 2023 годзе кватэры, набытыя іншаземцамі складалі 6% ад усіх прададзеных на рынку нерухомасці.
Паводле статыстычных дадзеных, найбольш кватэр сярэдняй плошчай больш за 58 квадратных метраў набылі ўкраінцы, а таксама беларусы, расейцы, індыйцы, брытанцы і в’етнамцы. Пры гэтым замежнікі часцей за ўсё купляюць кватэры за наяўныя грошы, без крэдытаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: gectaro.com






